У Клімавіцкім карагодзе
У памяці народа, а часам і ў актыўным бытаванні, яшчэ захаваліся лепшыя фальклорныя традыцыі. Самыя яркія з іх прадэманстравалі ўдзельнікі Клімавіцкага раённага фальклорнага конкурсу “Клімавіцкі карагод”, які прайшоў 21 лютага на базе сярэдняй школы № 3 горада Клімавічы. У конкурсе прымалі ўдзел 13 школ раёна і Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі ў тэатралізаванай форме паказалі абрады “Заручыны”, “Улазіны”, “Саракі”, “Вялікдзень”, “Гуканне вясны” і іншыя. Таксама ўдзельнікі гулялі ў гульні, спявалі меладычныя песні, дэманстравалі народныя касцюмы.
Конкурс праходзіў па розных намінацыях. Так, у намінацыі “Беларуская аўтэнтычная фальклорная песня” лепшай прызнана песня навучэнцаў Мілаславіцкай СШ “Ой, жала я, жала”, запісаная ў вёсцы Цітаўка ад жыхаркі гэтай вёскі Соф’і Багачовай, 1939 г.н. На другім месцы — навучэнцы Ціманаўскай СШ, яны спявалі песню “Каля рэчанькі”, якую перанялі ад жыхаркі вескі Балешын Марыі Цыкуновай 1946 г.н., на трэцім — СШ № 4 за выкананне песні “Дзе сонца закацілася”, што была запісана таксама ад жыхаркі вескі Балешын Марыі Цыкуновай. А вось за народны касцюм першае месца атрымалі навучэнцы СШ №1, другое месца — навучэнцы Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, трэцяе – выхаванцы раённай гімназіі.
Усё жыццё беларусаў суправаджаюць народныя гульні, у якіх бяруць удзел і старыя, і малыя. Лепшай гульнёй на фальклорным свяце стала “Печ ката”, якую паказалі навучэнцы Палошкаўскай сярэдняй школы. Не менш цікавымі былі “Крывы танок” – у выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак з СШ № 3 і “Блін гарыць” – у выкананні прадстаўнікоў Звянчацкай школы.
Усе ўдзельнікі добра прадставілі абрады нашых продкаў, і ўсё ж такі кампетэнтнае журы прысудзіла першае месца навучэнцам Раднянскай школы – за абрад “Прыехалі сваты на двор”. Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі атрымаў другое месца, а трэцяе месца паміж сабой падзялілі Мілаславіцкая і Палошкаўская школы.
Па выніках усіх конкурсаў пераможцамі сталі прадстаўнікі Мілаславіцкай СШ. На другім месцы — Палошкаўская СШ, на трэцім — Раднянская СШ.
Фальклор – няспынная творчасць народа, якая передаецца людзьмі з пакалення ў пакаленне, адыгрывае важную ролю ў духоўным развіцці, у фарміраванні эстэтычна-мастацкіх густаў, ідэалаў і светапогляду. Таму вельмі важна, каб маладое пакаленне ведала культуру сваіх продкаў і свайго народа.
Галіна Суялка, вядучы метадыст па фальклоры і этнаграфіі ДУК “Цэнтралізаванная клубная сістэма Клімавіцкага раёна”