У Краснаполлі адбыліся мерапрыемствы ў рамках творчага марафона «Натхненне малой радзімы»
У першыя дні мая адбыліся культурныя мерапрыемствы ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» першага этапа абласнога творчага марафона «Натхненне малой радзімы». Марафон арганізаваны абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
На першым этапе Краснапольскі раён прадставіў гала-канцэрт «Не адракуся спадчыны сваёй», выстаўку-прэзентацыю рамёстваў і ДПМ «У Краснапольскім краі берагуць бацькоў звычаі» і інтэрактыўную фальклорную праграму для дзяцей «Родная хата, чым ты багата?».
«НЕ АДРАКУСЯ СПАДЧЫНЫ СВАЁЙ»
Гала-канцэрт творчага марафона «Не адракуся спадчыны сваёй» запрасіў гледачоў звярнуцца да найлепшых каштоўнасцяў – матчынай песні, мовы, любові да роднай зямлі і яе прыгажосці.
Лепшыя здабыткі гэтай спадчыны раскрываліся праз аўтэнтычны фальклор, які яшчэ жыве на Краснапольшчыне: народныя песні ў сучаснай апрацоўцы, якія прадставілі носьбіты фальклору, аматарскія калектывы народнай песні сельскіх клубных устаноў, народныя аматарскія калектывы народнай песні РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна».
Сярод іх захавальніца аўтэнтычных песень Ніна Яцутка, фальклорная група «Яначкі» Яноўскага СДК, фальклорны ансамбль «Сяляначка» Казельскага СК, ансамбль народнай песні «Спадчына» Пачапоўскага СДК; калектывы РЦК: ансамбль «Праліца» народнага клуба ветэранаў «Дабрыня», народны ансамбль народнай песні «Шчадрэц», народны вакальны ансамбль «Краснапольская субацея», кавер-група «Халасцякі»; салісты РЦК –Таццяна Шандабыла, Алёна Трафімава, Антон Дарафееў, Юрый Падалякін.
Выступленні народных калектываў і салістаў РЦК былі ўпрыгожаны харэаграфічнымі замалёўкамі.
Зразумела, у канцэрце прынялі ўдзел прадстаўнікі юнага пакалення краснапальчан, пераемнікі традыцый малой радзімы. Яны натхнёна спявалі і танчынылі, прадстаўлялі сольныя выступленні і ў саставе груп – вакальных і танцавальных.
Гумар, так уласцівы беларусам, яскрава прадставіў Міхаіл Пугачоў, актор народнага Краснапольскага тэатра, які чытаў «Замовы» і прымусіў гледачоў ад душы пасмяяцца.
Менавіта любоў да малой радзімы натхніла паэтку Краснапольшчыны Валянціну Марчанка прысвяціць Году малой радзімы свой зборнік вершаў «Вам сваю завяшчаю любоў». Аўтар прыняла ўдзел у канцэрце, падарыўшы гледачам асалоду ад беларускай мовы і трапяткіх радкоў прызнання ў любові да роднай зямлі.
Бліскучы матэрыял, на які народным Краснапольскім тэатрам быў пастаўлен спяктакль «Слуп», дазволілі выкарыстаць яго ў якасці завязкі і эпілога гала-канцэрта.
Канцэртная праграма «Не адракуся спадчыны сваёй» прадэманстравала лепшыя здабыткі творчасці краснапольскай зямлі, аб’яднала ўдзельнікаў і гледачоў адным пачуццем і настроем, натхненнем на далейшую творчасць і працу на карысць і росквіт малой радзімы.
У КРАСНАПОЛЬСКІМ КРАІ БЕРАГУЦЬ БАЦЬКОЎ ЗВЫЧАІ
Прыгажосць і разнастайнасць народнай спадчыны, яе захаванне, развіццё і месца ў сучасным жыцці раскрыла выстаўка-прэзентацыя рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў і ўмельцаў Краснапольшчыны. На выставе «У Краснапольскім краі берагуць бацькоў звычаі» была прадстаўлена творчасць Раённага Дома рамёстваў, цэнтра дзіцячай творчасці, аддзялення дзённага наведвання інвалідаў.
Вырабы дзвух апошніх удзельнікаў прываблівалі добрай якасцю вырабаў, мастацкім густам, выкарыстаннем новых тэхналогій і сучасных матэрыялаў. Майстры РДР прадставілі на выставе асноўныя рамёствы, якія апошнім часам атрымалі развіццё і падтрымку.
Маскалькова В. радавала наведвальнікаў выставы новымі саламянымі вырабамі і запрашала на свой майстар-клас. Роспіс Кіркаўцовай Л. прывабліваў насычанасцю колеравай гамы і захаванай традыцыйнасцю ўзораў. Працуе яна і ў фармаце сучаснасці – прапануе новыя знаходкі ў прызначэнні сваіх вырабаў. Улюблёны ў дрэва рэзчык А. Ганчарэнка працуе як у традыцыях продкаў, так і увасоблівае сваю творчую фантазію ў стварэнне нетрадыцыйных твораў. Апошнім часам ён актыўна вандруе па краіне і за яе межамі, папулярызуе традыцыйную творчасць сваёй малой радзімы. У цудоўныя творы мастацтва пераўтвараюць звычайную лазу ўмелыя рукі і любоў да творчасці яшчэ аднаго ўмельца Краснапольшчыны – Банкузава А. Ганчарны посуд прадставіла Чарткова А. –сувеніры з гліны, цацкі, вырабленыя ў традыцыях продкаў, прывабліваюць наведвальнікаў яе выставак і карыстаюцца попытам.
Майстры Краснапольшчыны шануюць умельства дзядоў, вывучаюць іх сакрэты і аднаўляюць народныя рамёствы ў іх лепшых традыцыях. Вырабы майстроў РДР упрыгожваюць розныя мерапрыемствы і святы.
Наведвальнікі выстаўкі-прэзентацыі змаглі пазнаёміцца з усімі гэтымі відамі рамёстваў, майстрамі раёна і паўдзейнічаць у прапанаваных майстар-класах.
«РОДНАЯ ХАТА, ЧЫМ ТЫ БАГАТА?»
«Родная хата, чым ты багата?», – на такое пытанне сапраўды можна было атрымаць адказ, наведаўшы этнаграфічную выстаўку і прыняўшы ўдзел у пазнавальнай інтэрактыўнай аўтарскай праграме метадыста РЦК Валянціны Марчанка. Мерапрыемства гэта было арганізавана ёй таксама ў рамках абласнога творчага марафона «Натхненне малой радзімы».
Фальклорная і этнаграфічная спадчыны Краснапольшчыны багатая і невычэрпная. Таму мэтай этнаграфічнай выстаўкі і творчай праграмы «Родная хата, чым ты багата?» з’яўляецца папулярызацыя гэтага багацця, знаёмства з укладам жыцця і з народнай творчасцю мінулых пакаленняў. Арганізатар – метадыст РЦК Валянціна Марчанка.
За красавіцкі тыдзень выставу наведалі каля сотні краснапальчан. А ў майскія дні ў гэты выставачны куток, аформлены пад вясковую хату мінулых стагоддзяў, пачалі наведвацца групы школьнікаў. Яны пазнаёміліся з укладам жыцця продкаў, з начыннем хаты, сабраным у экспедыцыях па вёсках Краснапольшчыны: з народным тэкстылем (ручнікамі, посцілкамі, паясамі, народным касцюмам); з прадметамі побыту і хатняй працы; рамёствамі, посудам і інш.
Асаблівасцю пазнавальнай творчай праграмы з’яўляецца спалучэнне розных прыёмаў і метадаў у яе правядзенні. Сярод іх – паведамленне, дэманстрацыя рэчаў і працэсаў, імітацыя, гутарка, дыялог, гульня, уцягненне ў дзеянне і інш.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК Краснапольскага раёна