У КРАСНАПОЛЛІ АДБЫЎСЯ КОНКУРС “ЖЫВОЕ ДРЭВА РАМЯСТВА”

На Краснапольшчыне адбыўся раённы конкурс рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Жывое дрэва рамяства”.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Дастаткова пачуць гэтыя словы – і ты адразу ўяўляеш прыгажосць. Гэта мастацтва, як і іншыя віды, валодае вялікай сілай ўздзеяння на чалавека. А яшчэ – актуалізацыя рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўляецца сродкам далучэння да традыцыйнай культуры.
Метадычным аддзелам Краснапольскага РЦК вядзецца сістэмная работа па актывізацыі дзейнасці клубных устаноў на шляху вывучэння, захавання і развіцця рамёстваў і ДПМ, актывізацыі іх дзейнасці, раскрыцця творчага патэнцыялу насельніцтва.
Эфектыўным сродкам такой работы з’яўляецца правядзенне раённага конкурсу “Жывое дрэва рамяства”. Ён стымулюе да творчасці, спрыяе папулярызацыі культурных рэсурсаў малой радзімы, абмену вопытам.
У 2026 годзе ў конкурсе прынялі ўдзел клубныя фарміраванні, іх кіраўнікі, асобныя жыхары раёна. 21 канкурсант, кожны з якіх - сапраўдны майстар ці ўмелец, прадэманстравалі дэкаратыўную палітру творчасці.
Тканыя паясы і ручнікі, карункапляценне, вышыўка, лозапляценне, лялькі з тэкстылю, талаш – такія работы дэманстравалі захаванасць народных традыцый. Іх прадэманстравалі як майстры раённага Дома рамёстваў Маскалькова В. В., Банкузаў А. І., Кузьмянкова І. Ў., Андрыянава В. В., так і вясковыя ўмельцы, клубныя работнікі ці спецыялісты іншых устаноў, сярод якіх Паплыка Н. Р., Сярэбраных Н. І., Зенчанка А. І., Крапіўніцкая Л. В., Церахава А. А.
Час не стаіць на месцы – з’яўляюцца новыя матэрыялы, тэхнікі, сродкі іх засваення. Вось і ўдзельнікі нашага конкурсу ўразілі разнастайнасцю сваіх інтарэсаў і работ. Фактурны жывапіс прадставіла майстар РДР Кіркаўцова Л. М.
А вясковыя ўмельцы і клубныя фарміраванні клубных устаноў прапанавалі кветкавыя кампазіцыі з фоамірану і з атласных стужак, дэкарыраванне з джуту, вязаныя цацкі і вязаныя сувеніры, карціны з бісеру і абярэгі з мешкавіны.
27 лютага пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы ў намінацыях “Захаванне традыцый”, “Арыгінальнасць і навізна”, “Якасць і майстэрства”.
Арганізатары конкурсу выказваюць падзяку ўсім удзельнікам конкурсу і запрашаюць да ўдзелу ў наступным годзе. Чакаем і новых аматараў рукатворнай прыгажосці!




















Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”