У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці падвялі вынікі конкурсу пабытовага танца “Танчым па-беларуску”
Конкурс праводзіўся ў межах абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя” з лютага па кастрычнік 2022 года. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца ўстанова культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Конкурс праводзіўся з мэтай папулярызацыі, аднаўлення і захавання народнага пабытовага танца, развіцця фальклорнага руху, стварэння новых і падтрымцы дзейнасці існуючых фальклорных і харэаграфічных калектываў, клубных фарміраванняў Магілёўскай вобласці, якія працуюць у дадзеным накірунку.
У конкурсе прымалі ўдзел калектывы, пары-выканаўцы, салісты, фальклорныя і харэаграфічныя калектывы і іншыя клубныя фарміраванні харэаграфічнай накіраванасці, арыентаваныя на вывучэнне, засваенне і дакладнае ўзнаўленне народных харэаграфічных традыцый, якія захоўваюць этнаграфічную дакладнасць і стылявую своеасаблівасць пабытовага танца.
Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: саліст-выканаўца; танцавальная пара; калектывы, ансамблі. Канкурсанты на суд журы прадставілі розныя танцы: “Кракавяк”, “Лявоніха”, “Барыня”, “Полька імправізаваная”, “Яблычка”, “Нарэчанька”, “Сямёнаўна”, “Матлёт”, “Ойра”, “Месяц”, “Субота”, “Лысы” і многія іншыя.
Вынікі конкурсу падвялі ў кастрычніку і ўзнагародзілі пераможцаў Дыпломамі I, II, III ступені ў кожнай намінацыі. Дыпломы былі высланы на электронныя адрасы ўдзельнікаў.