У нядзелю 8 верасня Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі зладзіла незвычайную літаратурную гасцёўню «Магія слова»
У працяг святкавання Дня Роднай мовы магілёўскія літаратары арганізавалі мясцовае невялічкае Свята беларускай мовы. Сустрэча прайшла ў установе культуры «Магілёўская абласная бібліятэка ім. У.І. Леніна». Хочацца адзначыць, што дзверы літаратурнай гасцёўні былі адкрыты не толькі для тых, хто па сапраўднаму зацікаўлены беларускай мовай. Нават любы жадаючы мог прачытаць свае творы ці вершы разам з членамі саюза пісьменнікаў Беларусі і ў жывой дыскусіі абмеркаваць праблемы пісьменніцкага майстэрства.


Яшчэ больш пранікнуцца пісьменніцкай спадчынай прапаноўвала выстава беларускай літаратуры «Таленты роднай зямлі». Міхась Стральцоў, Кастусь Кірыенка, Алесь Казека, Ніна Кавалёва, Алесь Пісьмянкоў, Анастасія Кананкова, Віктар Кунцэвіч, Валянціна Габрусева, Уладзімір Ясеў, Віктар Арцем’еў, Уладзіслаў Кавалёў, Марына Сліўко – гэта толькі кропля імён якія складаюць Магілёўскі ўзор у вялікай скарбніцы беларускай літаратуры. Менавіта творы гэтых пісьменнікаў былі прадстаўлены на выставе разам з творамі пісьменнікаў залатой калекцыі – Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Максіма Танка. Івана Шамякіна і іншых.
На мерапрыемстве можна было і пачуць вершы аўтараў. З бліскучай прамовай пра тое, што робіць літаратура з чалавекам, выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт – Чмарава Марына Іванаўна, а сучасная паэтка Вераніка Ульяненкава, для якой Магілёўшчына з’яўляецца малой радзімай, завітала з паэтычнымі творамі на мерапрыемства з Мінска разам са сваёй сям’ёй. Паэт, публіцыст, кампазытар-песеннік – Мікалай Адамавіч Яцкоў – прадставіў гледачам прэм’еру песні на верш Алеся Казекі.
У мерапрыемстве з музычнай праграмай прыняў удзел народны ансамбль народнай музыкі «Магілёўцы» установы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».


Аляксандр Глуздов, начальнік аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР»