У Палацы мастацтваў адбыўся вечар памяці «Родных песень пералівы», прысвечаны 75-годдзю з Дня нараджэння Заслужанага работніка культуры БССР В.Я. Балаханава

Імя Віктара Яўстаф’евіча Балаханава, Заслужанага работніка культуры БССР вядома не толькі ў Бабруйску, але і за яго межамі. За час сваёй дзейнасці ён стварыў тры народных і некалькі харавых калектываў. Гэта чалавек, які праз усё сваё жыццё беражліва і далікатна пранёс святое пачуццё – любоў да народнай творчасці, да людзей.
27 красавіка 2017 года на сцэне Палаца мастацтваў г. Бабруйска адбыўся вечар памяці «Родных песень пералівы», прысвечаны 75-годдю з Дня нараджэння Заслужаннага работніка культуры БССР Віктара Яўстаф’евіча Балаханава.

Ушанаваць памяць Віктара Яўстаф’евіча прыйшло шмат сяброў і калег. Музычныя ўспаміны прагучалі ад прадстаўнікоў харавога калектыву працаўнікоў культуры Бабруйскага раёна, народнага хору ветэранаў працы і народнага ансамбля песні «Весялуха» ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска», Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і музыкі «Бабруйскія музыкі» УК «Цэнтр культуры і вольнага часу Ленінскага раёна», народнага ансамбля народнай песні «Пярэзвы» Цэнтра культуры Бабруйскага раёна.
Цёплыя ўспаміны і шчырыя словы ў гэты вечар прагучалі ад начальніка аддзела бяспекі філіяла №703 АСБ «Беларусбанк» Юрыя Сяргеевіча Папіліна, ад былога дырэктара ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска» Мікалая Аляксандравіча Галоўкіна, начальніка аддзела ідэалагічнай і сацыяльнай работы ААТ «Белшына» Юрыя Уладзіміравіча Андрыеўскага.

Вялікая заслуга Віктара Яўстаф’евіча – стварэнне Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь хора народнай песні на базе ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска», які на сённяшні дзень носіць яго імя. Сем разоў калектыву было прысвоена званне лаўрэата ўсесаюзных і рэспубліканскіх фестываляў. У цяперашні час мастацкім кіраўніком каллектыву з’яўляецца Васіль Петракоў, хормайстар Кацярына Каваленка.
У гэты вечар у памяць заснавальніка калектыву Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор народнай песні імя В.Я. Балаханава падрыхтаваў цікавую і захапляльную канцэртную праграму, дзе прагучалі рускія, беларускія і украінскія песні. Сольныя творы выканалі салісты Ігар Шаціла і Наталля Румянцава. Некалькі твораў прагучала ў выкананні ансамбля народнай песні і музыкі «Бліскавіца».

Са словамі падзякі і павагі да вядучых вечара, жонкі Ірыны і сына Андрэя Балаханавых, да удзельнікаў і кіраўнікоў калектыву выступіла дырэктар ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска» Іна Анатольеўна Новікава.
Песні – гэта вялікае ўкладанне ў культуру роднага краю, кожны радок якіх – прызнанне ў каханні роднай зямлі, людзям. А ўменне стварыць музычнае палатно заўсёды захапляе. Віктар Яўстаф’евіч ніколі не шкадаваў ні сілы сваёй, ні ведаў, ні ўменняў, ні здароўя. Усё сумленна аддаў дзеля роднага краю, быў удзячны Богу за тое, што ён заўсёды вучыў яго правільна жыць. Для нас ён заўсёды будзе чалавекам, які натхняе і паказвае, што, нават дабіўшыся славы і прызнання, можна заставацца чулым і добрым. І памяць аб ім будзе жыць, дзякуючы нашай з вамі памяці.

Ірына Аўсянікава, метадыст арганізацыйна-метадычнага аддзела ДУК «Палац мастацтваў г. Бобруйска»
Фота Сяргея Ганчарова