У рамках праекта «Пакаштуйце, гэта смачна» метадысты Быхаўскага РЦК адправіліся ў падарожжа ў аграгарадок Чорны Бор
Падарожжа адбылося напярэдадні свята Троіца (або Сёмуха), 13 чэрвеня, таму мясцовая жыхарка Галіна Шынкевіч падзялілася з намі рацэптам прыгатавання Траецкай ежы.
Галіна Паўлаўна жыве ў вёсцы Чорны Бор з маленства, тут яна нарадзілася і скончыла школу, разам з мужам выхавала пяць дзяцей. Галіна Шынкевіч вельмі ветлівая гаспадыня. Яна паведаміла нам, што на свята Троіцы ў іх заўсёды смажылі яешню на сале. Спачатку на разагрэтую скавараду клалі кавалачкі сала, потым, калі сала падсмажыцца, узбівалі яйкі. Яешня жарылася на маленькім агні, потым скаварада закрывалася крышкай. А калі яешня была прыгатавана яе ўпрыгожвалі зелянінай.
Да яешні гатавалі бліны. Заўсёды на Троіцу ў гаспадыні быў квас, або бярозавы сок. А яшчэ Галіна Паўлаўна расказала нам, што ў весцы Чорны Бор водзяць карагод «Бяроза». У карагод выбіраюць маладых хлопца і дзяўчыну і вакол іх водзяць карагод. Танец суправаджаецца шматлікімі і разнастайнымі прыпеўкамі.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна»