У РЦК г. п. Краснаполле адбылося адкрытае пашыранае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Світанак»
У рамках сацыяльна-творчага праекта «Краснапольшчына літаратурная» адбылося адкрытае пашыранае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Світанак» пад назвай «Пяю сардэчна і ўзнёсла бацькоўскі кут сваёй зямлі».
Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў сферы культуры і адукацыі раёна, мясцовых паэтаў, партнёраў праекта і ўдзельнікаў раённага конкурсу паэзіі «Свайму роднаму краю пяю я песню». Састаў аўдыторыі - невыпадковы, гэта прадстаўнікі грамадства, якія заклапочаны сацыяльна-культурным жыццём раёна, духоўным, патрыятычным выхаваннем, творчым развіццём насельніцтва і паляпшэннем якасці яго сацыяльна-культурнага жыцця.

Самым яскравым момантам сустрэчы стала падвядзенне вынікаў паэтычнага конкурсу. Раённы конкурс паэзіі «Свайму роднаму краю пяю я песню» быў прысвечаны 310-й гадавіне г. п. Краснаполля і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Конкурс змяшчаў 4 намінацыі: «Гісторыя Краснапольшчыны», «Жыццё Краснапольшчыны», «Культурныя каштоўнасці Краснапольшчыны», «Прырода Краснапольшчыны».
Дыпломамі 1-й ступені ў розных намінацыях конкурсу былі адзначаны Сыранкоў С., Яўсеенка Г., Марчанка В. Дыпломы 2-й ступені атрымалі Каваленка Г., Яўсеенка Г., Кустаў Д.. За ўдзел у конкурсе ўзнагароджана Амельчанка А.
Старшыня журы конкурсу Сідарэнка А. В (рэдактар газеты «Чырвоны сцяг») уручыла пераможцам дыпломы і падарункі, зборнікі паэзіі, складзеныя з вершаў удзельнікаў конкурсу.
Падводзячы вынікі конкурсу і аналізуючы яго матэрыялы, Алеся Валянцінаўна звярнулася да аўдыторыі слухачоў: «Не будзем дужа крытычнымі да гэтых твораў. Можа вы не знойдзеце дасканаласці ў іх, аднак яны вартыя таго, каб іх прачытаць, паразважаць над імі і падзівіцца жаданню паэтаў-землякоў падзяліцца сваімі пачуццямі, думкамі, святлом і смуткам сваёй душы. Да таго ж, хто пра наша Краснаполле напіша лепш чым тыя, хто тут жыве і дыхае родным паветрам».
Яшчэ Сідарэнка А. В. падкрэсліла, што ўсе творы конкурсу сталі сапраўднай песняй пра Краснапольшчыну, а гэта добры рэсурс патрыятычнага выхавання, які тут жа ацанілі педагогі і клубныя работнікі і выказалі жаданне мець для работы зборнікі вершаў сваіх землякоў.
Гучала жывое слова паэтаў, дэманстравалася прэзентацыя мастацкай выставы «Натхненне». Прысутнымі і партнёрамі праекта былі выказаны цікавыя думкі і прапановы. Магчымасці і значнасць развіцця літаратурнай творчасці на Краснапольшчыне падкрэсліла і Н. М. Басянкова, дырэктар ДУК «ЦБС Краснапольскага раёна».
Яна распавяла і пра літаратурную краязнаўчую дзейнасць, якую вядзе бібліятэка, прэзентавала складзеныя зборнікі мясцовых паэтаў розных часоў, параіла педагогам і клубным работнікам іх выкарыстанне ў выхаваўчай дзейнасці, бо краязнаўчыя матэрыялы – дзейсны сродак выхавання патрыятызму і грамадзянскасці.

Інтарэс аўдыторыі быў непаддзельны і да ідэй праекта, і да літаратурнага аб’яднання, і да прапанаваных новых конкурсаў (конкурс «Радзіма мая дарагая» да 100-годдзя Алеся Бачылы, абвешчаны СПБ), і да паэтычнага слова з вуснаў землякоў. Па прызнанню прысутных, адны ўпершыню сутыкнуліся са сваімі творчымі землякамі, а другія па-новаму ўбачылі сваіх знаёмых і калег.
Пад час сустрэчы ўзнікла нямала пытанняў і прапаноў.
Сыранкоў С. выказаў пажаданне павялічыць колькасць раённых конкурсаў рознай тэматыкі і прымеркаваных да розных падзей. Кустава Д. і іншых настаўнікаў цікавіла магчымасць сустрэч мясцовых паэтаў з вучнямі школ. Яўсеенка Г., якой у жыцці давялося сустракацца і раіцца з вядомым Пысіным А., гатова дзяліцца ўспамінамі на старонках газет.
Пасяджэнне адбылося цёплым, творчым і карысным. Дзве з паловай гадзіны праляцелі на адным дыханні.
Я, як аўтар і кіраўнік праекта і сустрэчы, лавіла гэтыя вынашаныя думкі і спантаныя парады, і асалода напаўняла маё сэрца, бо адчувалася, колькі натхнёных, добрых, шчырых і адкрытых сэрцаў на нашай зямлі, людзей, якія прагнуць духоўнага святла, адкрытых зносін, магчымасці выказацца і быць пачутымі, адчуць сябе асобай. А менавіта асобы і ўяўляюць каштоўнасць грамадства.

Марчанка В. А., метадыст РЦК г. п. Краснаполле