У рэчышчы прыярытэтаў Краснапольскага раёна
Арганізатарам канферэнцыі выступіў метадычны аддзел раённага Цэнтра культуры.
Вітала гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама А.М.Раманенка. Яна ж выступіла з пытаннем “Традыцыйная народная культура і сучаснасць. Праблемы і шляхі іх рашэння”.
Са справаздачным дакладам на канферэнцыі “Інавацыйныя падыходы да захавання, папулярызацыі і эфектыўнага выкарыстання этнакультурных рэсурсаў. З вопыту рэалізацыі праектных ініцыятыў” выступіла аўтар, кіраўнік і актыўны ўдзельнік праектаў В. А. Марчанка.
Каваленка Т. Ф., дырэктар ДУК “Краснапольскі гісторыка-этнаграфічны музей”, якая з’яўлялася партнёрам праекта “Забытае ўваскрашаецца”, паведаміла аб ролі сумеснай дзейнасці ўстаноў культуры, удзельнікаў праекта ў працэсе пераемнасці.
“Роля клубнай установы ў захаванні фальклорнай спадчыны” – на такую тэму разважала мастацкі кіраўнік Яноўскага сельскага Дома культуры Яфімчык Т. В.
У ходзе канферэнцыі праз работу “адкрытага мікрафона” змаглі выступіць і даць ацэнку рэалізаваным праектам многія яе ўдзельнікі і госці.
Як было падкрэслена вынесенай рэзалюцыяй канферэнцыі, ініцыятывы “Краснапольскі Арбат”,“Забытае ўваскрашаецца” – добрыя знаходкі ў сферы сацыяльна-культурнага жыцця Краснапольскага раёна, якія адпавядаюць такім прыярытэтам, як стварэнне ўмоў для роста чалавечага капіталу, роўнага доступу да сацыяльна-культурных паслуг, стварэнне ўмоў для грамадскага дыялогу, захавання культурнай спадчыны рэгіёна.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі спецыялісты раённага Цэнтра культуры, сельскіх дамоў культуры, педагогі навучальных устаноў, зацікаўленыя асобы з маладзёжнага Цэнтра г. Магілёва, прадстаўнікі СМІ.
Узаемадзеянне сферы культуры і адукацыі ў ходзе рэалізацыі праектных ініцыятыў узмацнілася і набыло розныя формы, сярод якіх сумесныя семінары, майстар-класы, мерапрыемствы для дзяцей. І гэта невыпадкова, бо галоўнай задачай праекта “Забытае ўваскрашаецца” з’яўляецца фарміраванне на Краснапольшчыне творчай супольнасці, аб’яднанай ідэяй захавання і пераемнасці лакальнай культуры раёна.
Практычна-творчая частка канферэнцыі прапаноўвала прэзентацыю фонда выдавецкай прадукцыі па традыцыйнай культуры, удзел у інтэрактыўным занятку ”Родная хата працай багата”, наведванне музея, кірмашу рамёстваў раённага Дома рамёстваў, Святой крыніцы ў вёсцы Горы і этнакутка Горскага сельскага Дома культуры, дэгустацыю традыцыйных страў Краснапольшчыны, падрыхтаваных вясковымі майстрамі вёскі Сідараўкі разам са спецыялістамі Сідараўскага сельскага Дома культуры.
Дырэктар ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” уручыў Падзякі актыўным удзельнікам і партнёрам праекта “Забытае ўваскрашаецца”.
Валянціна Марчанка, кіраўнік праектаў, метадыст раённага Цэнтра культуры ГУК “ЦКС Краснапольскага раёна”