У РЭЧЫШЧЫ ПРЫЯРЫТЭТАЎ РАЗВІЦЦЯ РАЁНА
Прэзентацыі сацыяльна-культурных праектаў і фестываляў у сферы культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” былі прадстаўлены для ўдзельнікаў 47 сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, якая прайшла на Краснапольшчыне 2 чэрвеня.
У гарадскім сферы работнікамі культуры была прэзентавана этнаграфічная пляцоўка “Вытокі” з устаноўленымі на ёй драўлянымі скульптурамі, ганчарнымі формамі, забяспечаная інфармацыйным шчытом. Тут быў прэзентаваны і рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык”, які ўзнік у 2017 годзе ў выніку рэалізацыі праекта “Ганчарная майстэрня”. У прэзентацыі пляцоўкі і фестываля прынялі ўдзел салісты РЦК Т. Падалякіна, А. Трафімава, харэаграфічная група РЦК, удзельніца дзіцячай студыі “Нашы галасы” Соня Шаблакова, вядучыя Г. Снытка і П. Выганны, майстры А. Ганчарэнка і В. Шчарбакова.
На пляцоўцы каля РЦК размясціліся рады рамесных вырабаў Краснапольскага РДР, сельскіх клубных устаноў, аддзялення РЦСАН. Выстаўка ўражвала разнастайнасцю матэрыялаў, відаў рамяства і дасканаласцю майстэрства краснапольскіх аматараў народнай рукатворнай творчасці.
Прыцягваў увагу этнаграфічны куток вясковага быту і ўбранства сялянскай хаты мінулых стагоддзяў з чырванню льняных тканых рушнікоў, са сняжыстымі абрусамі, суконнымі посцілкамі, паласатымі ходнікамі.
Далучыцца да рамёстваў, этнаграфіі, песень і абрадаў, легенд і паданняў, народных гульняў і страў народнай кухні – гэтай багатай мнагажанравай фальклорнай спадчыны роднага краю дае магчымасць рэгіянальны фальклорны фестываль “Чары сівой даўніны”, які і прэзентавала метадыст па традыцыйнай культуры РЦК В. Марчанка.
Яшчэ адна прэзентуемая ёй выстава – сапраўднае багацце краязнаўчай літаратуры, выдадзенай па выніках праведзеных даследванняў і экспедыцый па роднаму краю.
“Чым можна пацвердзіць каштоўнасць гэтых краязнаўчых матэрыялаў”, – звяртаецца да прысутных метадыст і адказвае, што краязнаўчыя даследванні – аснова шматлікіх мерапрыемстваў.
У 2023 годзе ў пяты раз збяруцца краязнаўцы-аматары на рэгіянальныя краязнаўчыя чытанні “Мой край: вядомы, невядомы”, якія ладзяцца ў Краснапольскім РЦК і заўсёды выклікаюць вялікую цікаўнасць іх удзельнікаў і наведвальнікаў.
А яшчэ пошукавыя знаходкі дазваляюць прымаць удзел у міжнародных навуковых і культурных дзеях і конкурсах. І сапраўды, толькі ў 2022 годзе метадыст змагла стаць удзельніцай 3-х міжнародных канферэнцый і круглых сталоў, стаць дыпламантам рэспубліканскага конкурсу Нацыянальнай акадэміі навук і правесці рэспубліканскій семінар на базе Краснапольскага РЦК.
Пацвярджаецца каштоўнасць сабраных краязнаўчых матэрыялаў і іх публікацыяй у значных выданнях, такіх, як рэспубліканскі навукова-практычны журнал “Проблемы управления”, зборнік навуковых прац “Беларускі фальклор: матэрыялы і даследванні” Нацыянальнай акадэміі навук, зборнікі матэрыялаў Міжнародных навукова-практычных канферэнцый, выдадзеныя УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” і інш.
Працягнулася знаёмства з культурнымі праектамі і ў будынку РЦК. У фае ўдзельнікам сесіі метадыст С. А. Сазонава распавяла пра народны тэатр Краснапольшчыны і фестываль “Тэатральныя вечарыны”. А ў глядзельнай зале прысутным быў прадстаўлен спектакль “Дзеці вайны: украдзенае шчасце” (рэжысёр І. А. Нікіціна) у форме пластычнай візуалізацыі дзіцячай студыі “Нашы галасы”.
Думаецца, што прэзентаціі сферы культуры дапоўнілі праграму сесіі па азнаямленню з сучаснымі прыярытэтамі развіцця раёна.
В. Аляксандрава, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”