У Шклоўскім раёне правялі абрад «Засеўкі»
Абрад «Засеўкі» – адзін з самых старажытных і знакавых для беларускага народа. Ён сімвалізуе пачатак вясны, праводзіцца з мэтай садзейнічання добраму ўраджаю. І менавіта з яго, па традыцыі, пачалася масавая сяўба яравых на Шклоўшчыне. У гэтым годзе, 12 красавіка, «Засеўкі» прымала поле ААТ «Амкадор-Шклоў». Імпрэза прайшла ў адпаведнасці з традыцыйнымі народнымі рытуаламі, характэрнымі для Шклоўскага раёна. Цёплыя словы гучалі ў адрас хлебаробаў. Яскравыя музычныя падарункі ўсім прысутным дарыў народны ансамбль народнай песні і музыкі «Бліскавіца». «Вясна сёлета не радуе, але ёсць у нашых працаўнікоў галоўнае – жаданне працаваць, а значыць, усё выканаем якасна і своечасова, атрымаем добры ўраджай», – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Камко. Са словамі на дарогу выступілі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Дзядкоў, дырэктар ААТ «Амкадор-Шклоў» Міхаіл Крыцкі. Абрад асвятлення поля і тэхнікі пасля малітвы правёў святар Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Уладзімір. А затым удзельнікі «Засевак» пад народныя песні прайшліся па полі з «лукошкамі», апускаючы на глебу першыя зерні.
Ірына Платонава, метдыст па этнаграфіі і фальклору РДК ДУК «Централізаваная клубная сістэма Шклоўскага раёна» Фотаздымкі выдавецкі дом «Шклоў-Info»