У ВЯНОК ПЫСІНУ
12 верасня члены народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” разам з творчымі калектывамі і салістамі раённага Цэнтра культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” і УА “Краснапольская дзіцячая школа мастацтваў”, спецыялістамі ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна”, жыхарамі раёна ўпляталі кветкі сваёй творчасці і ўспамінаў ў вянок А.В.Пысіну.
Памяць аб адных людзях захоўваецца ў помніках і манументах, памяць пра другіх мы беражом у сваіх сэрцах як водгук іх добрых спраў, памяць некаторых ствараецца радкамі іх неўміручых твораў.
У 2020 годзе паэту А. В. Пысіну споўнілася б 100 гадоў. Наш вядомы зямляк пакінуў нам сваю цудоўную літаратурную спадчыну. Яго паэтычнае слова – добры сродак выяўлення шматграннага духоўнага жыцця народа. Мы маем магчымасць праз яго творчасць трапляць у той час, сведкам якога ён быў. Маем магчымасць атрымліваць асалоду ад мастацкіх вобразаў яго неўміручай паэзіі, насычацца духоўнасцю, думаць і разважаць разам з таленавітым паэтам-земляком над многімі паняццямі, сітуацыямі, падзеямі і, канешне, натхняцца яго творчасцю.
У “вянок” Пысіну прыгожай кветкай уплёўся верш кіраўніка аб’яднання “Світанак” Валянціны Марчанка.
Пра свайго не забудзем паэта…
Крочыў ты па радзімай зямлі –
І вядомы цяпер на паўсвета
Гэты край, дзе пяюць салаўі.
Ты любіў свае родныя гоні,
І жыты табе білі паклон.
Мы сабраліся зноў ў Краснаполлі
Табе словы сказаць наўздагон.
Верны сын і зямлі, і краіны,
Ты і зброяй служыў, і радком.
І такое багацце пакінуў!
Твае творы ўвайшлі ў кожны дом!
Хай закончыўся шлях твой жыццёвы –
Салаўі ўсё пяюць і пяюць,
І шануюцца Пысіна словы
І на вуснах нашчадкаў жывуць.
Сто гадоў з нараджэння паэта,
Гэта дата – натхненне для нас,
Колькі песень яшчэ будзе спета,
Новых творцаў адкрые нам час.
І сапраўды, сёння на краснапольскай зямлі з’яўляюцца новыя творцы. Аматары слова Краснапольшчыны працягваюць традыцыі літаратурнага жыцця свайго маленькага краю, адшукваюць і нешта новае, сваё. Яны жывуць побач з намі, але бачаць больш за іншых, турбуюцца пра лёс беларускай мовы, паэтычнага слова і свайго кутка.
Аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” у гэтым годзе атрымала ганаровае найменне “народны”, што стымулюе яго членаў яшчэ да больш актыўнай сацыяльна-культурнай дзейнасці і творчасці.
Аб’яднанне ініцыіруе розныя літаратурныя конкурсы на Краснапольшчыне, яго члены становяцца ўдзельнікамі раённых конкурсаў і конкурсаў за межамі раёна.
Творчыя мерапрыемствы аб’яднання заўсёды збіраюць мноства гасцей. Аб’яднанне падтрымлівае творчыя сувязі з бліжнім замежжам, папулярызуе творчасць сваіх членаў пра СМІ, займаецца выданнем паэтычных брашур і матэрыялаў з вопыту сваёй дзейнасці, праводзіць выстаўкі выдавецкай прадукцыі і літаратуры.
Члены аб’яднання працуюць над удасканаленнем паэтычнага майстэрства, спасцігаюць сакрэты слова, якое з’яўляецца найлепшым матэрыялам для творчасці. Словам можна ляпіць, маляваць, ствараць пачуцці і рэаліі жыцця. Галоўнае, каб ішло яно ад сэрца і на шляху сваім сустракалася з другім сэрцам – чуллівым і спагадлівым.
Сваім словам і дзяліліся члены “Світанка” з тымі, хто сабраўся да сцэнічнай пляцоўкі гарадскога сквера ў гэты вераснёўскі дзень. Вядучыя - спецыялісты раённай бібліятэкі напоўнілі праграму роздумам пра Айчыну і малую радзіму, пра паэзію, свае каштоўныя словы-успаміны пра А.В.Пысіна падарылі слухачам мастак Краснапольшчыны А.В.Паплыка і былы настаўнік С.Ф.Агеенка, якім пашчасціла пры жыцці пазнаёміцца з гэтым выбітным творцам у літаратуры.
Мерапрыемства “дыхала” духоўнасцю і прыгажосцю, гонарам за сваю Айчыну і творцаў, якія жылі і жывуць на роднай зямлі, ахінаюць яе сваёй любоўю і ўпрыгожваюць творчасцю.
Мерапрыемства прайшло ў рамках Дня пісьменства і пад знакам акцыі “За Беларусь!”.
Валянціна Марчанка, метадыст раённага Цэнтра культуры дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”