УКЛЕНЧЫЦЬ РОДНАЕ ЗЯМЛІ
Глядзяць у вочы незабудкі,
Шчакоча ногі мурава
А мне так горка і самотна,
Што маёй вёсачкі няма.
Няма таго, што я любіла,
Сады быльнёгам зараслі,
Ды сэрца зноў вядзе ў дзяцінства –
Укленчыць роднае зямлі.
Схілю я галаву ў паклоне
І кожны кусцік абдыму,
Пагладжу белыя рамонкі,
Мой родны кут, цябе люблю.
Я зноў з табой, куточак мілы
З гаркавым смакам палыну,
І рассыпаю, як маніста:
- Люблю, люблю, люблю, люблю…
Укленчыць роднае зямлі і прызнацца ў любові да роднага куточка змаглі тыя, хто нарадзіўся ці жыў у вёсцы Мануйлы Краснапольскага раёна, якая знікла ў выніку чарнобыльскай катастрофы.
Повадам сабрацца паслужыла адкрыццё знака-стэлы на месцы вёскі. Адзначыць такім чынам месцы былых населеных пунктаў – ідэя праекта “Галасы вёсак”, які ажыццяўляецца ў Яноўскім сельскім савеце яго старшынёй Наталляй Лагуцінай з падтрымкай жыхароў. Праект атрымаў падтрымку і з боку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандры Міхеенка, інтарэс да яго праявілі органы раённай улады і тэлерадыёкампанія “Магілёў-4”.
Аб’яднаць землякоў ідэяй рэалізацыі праекта і сабраць іх на мерапрыемства па адкрыццю знака-стэлы дапамагла Галіна Старыкевіч. А сабраліся былыя мануйлаўцы з розных куткоў – з Масквы, Магілёва, Гомеля, Віцебска, Хоцімска, Касцюковіч, Дрыбіна, Круглага, Клімавіч.
Яны выказалі многа слоў удзячнасці ініцыятарам і арганізатарам праекта і мерапрыемства і, канешне, не стрымлівалі сваіх пачуццяў і слёз – радасных і горкіх адначасова. Яно і зразумела – малая радзіма валодае асаблівым прыцягненнем і ніколі не адпускае чалавека.
Стварэнню пранікнёнай атмасферы сустрэчы спрыяла і праграма яе правядзення, пабудаваная на паэтычных творах краснапольскай паэткі Валянціны Марчанка, кіраўніка народнага аматарскага літаратурнага калектыву “Світанак” Краснапольскага РЦК. Вядучымі і удзельнікамі мерапрыемства сталі работнікі устаноў культуры Яноўскага сельскага савета – Яноўскага СДК і Яноўскай сельскай бібліятэкі.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”