Урачысты вечар, прысвечаны 95-годдзю раённай газеты «Веснік Чэрыкаўшчыны»
На яго былі запрошаны кіраўнікі раёна, службовыя асобы шэрагу абласных структур, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскасці, калегі па пяру з Быхава, Слаўгарада, Хоцімска і, вядома, «віноўнікі» ўрачыстасці - калектыў рэдакцыі, ветэраны, пазаштатныя карэспандэнты, творчая інтэлігенцыя і чытачы «раёнкі». Яе называюць «раёнкай», цёпла, па-хатняму, па-сямейнаму, таму што няма такой сям'і, з якой не была б звязана гэтая газета.
У фае раённага Цэнтра культуры была арганізавана выстава цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая распавядала пра гісторыю газеты.
З прывітальным словам да юбіляраў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама А.М.Новікава. Яна выказала словы падзякі за гэтае шырокае свята, што кажа аб цеплыні душы і душэўных якасцяў калектыву.
Для работнікаў рэдакцыі са сцэны гучалі цёплыя словы, віншаванні і пажаданні, калектывы мастацкай самадзейнасці раённага Цэнтра культуры выконвалі музычныя нумары. Журналісты раённай газеты былі ўшанаваны шэрагам узнагарод раённага і абласнога ўзроўню.
Свята атрымалася адпаведным статусу любімай газеты, якая крочыць з году ў год ад выдаўцоў да ўдзячных чытачоў.
Зубарава А.У., метадыст інфармацыйна-метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”