УСЁ СВАЁ, ЯНО НАС І ЯДНАЕ
Клубныя работнікі ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна” працягваюць знаёмства з лепшымі практыкамі клубных устаноў раёна па захаванню і папулярызацыі фальклорна-этнаграфічнай спадчыны.
Як распрацоўшчык арт-праекта “Фальклорны жыццявір”, у рамках якога і адбываецца конкурсный паказ фальклорных праграм клубных устаноў, лічу, што ён дае магчымасць актыўнага абмену вопытам, спрыяе пошуку новых форм папулярызацыі фальклору, актывізацыі экспедыцыйнай і творчай дзейнасці, працэсу засваення, пераймання багатай фальклорнай спадчыны.
У гэтым зноў можна было ўпэўніцца праз наведванне Пачапоўскага сельскага дома культуры і Казельскага сельскага клуба.
Пачапоўскі сельскі Дом культуры сабраў аматараў фальклору на “Піліпаўскія вячоркі”.
Жанчыны і дзяўчаты рукадзельнічалі, дзяліліся вопытам майстэрства, успамінамі і спявалі песні. Пад час праграмы гледачы і ўдзельнікі апынуліся ў атмасферы народнай мудрасці і прыгажосці.
Уявіце сабе, пад сакатанне пралкі Н. Ф. Яцутка, жанчыны ансамбля Пачапоўскага СДК пранікнёна спяваюць аўтэнтычныя мясцовыя песні, перанятыя ад яе ж, Фядосаўны. Да іх імкнуцца далучыцца і зусім маладыя дзяўчаты…
Калі фальклор паказваецца мнагагранна і прыгожа, ён знойдзе водгук у душы. А гэта адна з задач, якая стаіць перад установамі культуры. Ці не так? Думаю, з гэтым нельга не пагадзіцца.
Прыгожа прадставілі аматары народнай творчасці Пачапоўскага СДК і стравы народнай кухні, распаўсюджаныя ў іх вёсцы. Тут былі і ладкі ў смятане, і крывянка, і грыбы, і бульба параная і, канешне, стравы з таркаванай бульбы – дранікі і калдуны.
У клубных работнікаў Казельскага сельскага клуба вопыт яшчэ не вялікі, але яны таксама змаглі і парадаваць калег, і падзяліцца сваімі знаходкамі. Сваю праграму яны распрацавалі на матэрыяле свята Юр’е. Ад мясцовага насельніцтва яны сабралі нямала прыкмет, прымавак і прыказак, гульняў, абрадавых дзей, якія і ўключылі ў конкурсны матэрыял. А да ўвасаблення праграмы прыцягнулі і дзяцей, якім, адчувалася, гэта было цікавым.
Самі сабой у мяне нарадзіліся радкі як рэфлексія на такія сустрэчы з фальклорна-этнаграфічнай спадчынай. І я рада, што мае калегі, работнікі клубных устаноў яе падзяляюць.
Усё сваё – і песні, і абрады,
І сакатанне пралкі, і ручнік,
Смакуем дранікі і вельмі рады,
Што сакавіты наш фальклор не знік.
Нішто так моцна сэрца не кранае,
Як спеў матулі, хлеб на ручніках.
Усё сваё, яно нас і яднае, –
І нас, і продкаў, што жылі ў вяках.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”