VIII Міжнародны фестываль “Тэатральныя вечарыны” прайшоў у Краснаполлі
З 11 по 13 чэрвеня 2021 года Краснапольшчына гасцінна сустракала ўдзельнікаў VIII міжнароднага фестываля аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”.
Фестываль, які традыцыйна збірае аматарскія тэатральныя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі і які з’яўляецца доўгачаканай падзеяй як для самадзейных тэатраў, так і для гледачоў, 11 чэрвеня 2021 года ізноў расчыніў свае дзверы ў чароўны свет тэатральнага мастацтва.
На цырымоніі адкрыцця з прывітальным словамі да ўдзельнікаў фестываля звярнуліся старшыня Краснапольскага райвыканкама А.Л. Трушкін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь С.А. Сыранкоў, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама О.К. Шведава.
Па традыцыі, першым фестывальным прадстаўленнем быў прэм’ерны паказ народнага тэатра Краснапольскага раённага Цэнтра культуры спектакля-камедыі “Жаночы рой” па п’есе Васіля Ткачова “Жаночы вулей”.
Гледачы вельмі эмацыйна ўспрымалі камічныя і недарэчныя падзеі на сцэне і дыялогі персанажаў.
Сам аўтар п’есы – лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, лаўрэат прэміі ім. К. Тураўскага і расійскай прэміі ім. Баяна, член Саюзу пісменнікаў і Саюзу тэатральных дзеячаў Беларусі – Васіль Ткачоў, які прысутнічаў у якасці ганаровага гостя фестываля, высока ацаніў рэжысёрскую трактоўку спектакля, яскравасць і каларытнасць вобразаў персанажаў сваёй п’есы, якія стварылі на сцэне артысты і ўдельнікі народнага тэатра.
У другі дзень, 12 чэрвеня, на суд гледача сваё майстэрства прапанавалі народны тэатр “На доўгім броде”, г.Мінск; узорная тэатральная студыя “Чароўны ліхтар”, г. Брэст; узорны тэатр-студыя “Паралель”, г. Баранавічы.
На трэці фестывальны дзень, 13 чэрвеня, гледачоў сустракалі школа тэатральнага мастацтва пры Маладёжным тэатры-студыі “Галёрка”, г. Екацярынбург, Расія; народны тэатр драмы Смаленскага абласнога Дома працаўнікоў асветы; а таксама народны тэатр “На доўгім бродзе” з г. Мінска. Дарэчы, гэты тэатр прывёз на фестываль тры сваіх работы, розных жанраў і для розных уростаў.
У гарадскім скверы са сваёй забаўляльнай праграмай выступаў вулічны тэатр на хадулях “Весёлые веліканы” з г. Магілёў.
Увечары, на гарадской плошчы, адбылася цырымонія закрыцця VIII міжнароднага фестываля аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама С.А. Сазонава падвяла вынікі фестываля, выказала падзяку ўдзельнікам і гледачам ад імя аргкамітэта, уручыла памятныя сувеніры і дыпломы ўдзельнікам фестываля.
Для гледачоў было наладжана сапраўднае шоў з удзелам фестываля красак “Краскі холі”, г. Віцебск, этна-гурт “Стары фальварак”, г. Гомель, саліст Антон Дзевяткін, салісты Краснапольскага РЦК. А завершыла свята светлавое і фаер-шоў арт-праекту “FlashLights” з г. Гомель.
Нягледзячы на тое, што праз нялёгкія ўмовы, якія склаліся ў свеце ў апошнія два гады і праз гэта многія калектывы не змаглі прыняць удзел у нашым фестывалі, а спіс краін-удзельнікаў быў абмежаваны толькі Беларуссю і Расіяй, гледачы не засталіся ў пройгрышы. Фестываль быў сапраўдным святам для тэатралаў. Не была абыдзена ўвагай ні водная ўзроставая катэгорыя насельніцтва – ад маленькіх да сталых. Гледачы засталіся задаволены святам і цёплымі словамі развітваліся з удзельнікамі.
Фестывальныя мерапрыемствы скончыліся, але фестываль, спадзяемся, будзе даўгавечным. Цёплымі ўспамінамі ў сэрцах застанецца VIII Міжнародны фестываль “Тэатральныя вечарыны”. А мы будзем чакаць гасцей як даўніх сяброў, так і новых удзельнікаў на IX міжнародны фестываль “Тэатральныя вечарыны” ў Краснаполлі!
Міхал Пугачоў, рэжысёр народнага тэатра РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”