ВУЧЫЦЦА МОЖНА Ў КОЖНАГА
Кажуць, не кожны можа вучыць, але вучыцца можна ў кожнага. Шмат чаму можна было павучыцца ўдзельнікам арт-праекта “Фальклорны жыццявір” пры наведванні клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, якія прадстаўлялі свае лепшыя практыкі па захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры.
1 снежня былі наведаны Сідараўскі і Яноўскі сельскія Дамы культуры. Сідараўскі СДК сустрэў прывітальнай песняй у выкананні ансамбля народнай песні “Родныя напевы”. Потым загадчыца ўстановы з юнымі ўдзельнікамі клубнага фарміравання правяла прысутных па “Фальклорнай сцяжынцы”, калі пры раскручванні сапраўднай вытканай доўгай і прыгожай “дарожкі” знаходзіліся і выконваліся розныя заданні па пазнанню фальклорнай спадчыны.
І прывяла такая сцежка-дарожка ў этнаграфічны пакой, багаты на народны тэкстыль і прадметы быту і працы. У гэтым пакоі была прадстаўлена тэатралізаваная пастаноўка “Заручаны”, якая ўпэўніла, што не перавяліся ў вёсках аматары творчасці і пераймальнікі народнай спадчыны.
Скарысталі клубныя работнікі Сідараўскага СДК і магчымасць прэзентаваць бабку і дранікі – стравы, якія набылі статус культурнай спадчыны Беларусі. Загадчыца СДК Падабед Р. Я., добры знаўца народнай кухні, падзялілася рэцэптам прыгатавання бабкі і дранікаў з грыбамі.
Потым шлях удзельнікаў арт-праекта ляжаў у Яноўку, самую аддаленую ад раённага цэнтра вёску, дакладней, аграгарадок. Наведвальнікі агледзілі пакоі клубнай установы, з любоўю аформленыя яе работнікамі і ўдзельнікамі клубных фарміраванняў.
Потым адбылося знаёмства з работай клубных фарміраванняў па ДПМ, з майстрам вёскі па вырабу лялек В. Падалякінай.
Былі прэзентаваны выстаўкі вырабаў з талашу (кукурузных абгорткаў) і праведзен майстар-клас (для пачынаючых) па вырабу сувеніра-абярэга.
Культарганізатар Крапіўніцкая Л. В., улюблёная ў рукадзельную творчасць, у матэрыял талаш і фальклор, вырабляе кампазіцыі на тэмы святаў і вясковага жыцця. Гэтыя кампазіцыі так і хочацца назваць “Энцыклапедыяй вясковага жыцця” – настолькі рознабаковае ўяўленне яны ствараюць і могуць служыць крыніцай пазнання вясковага жыцця – яго быту і ладу, народнага працоўнага і святочнага календара.
У этнаграфічным пакоі адбылася тэатралізаваная праграма па азнаямленню з хатнімі абярэгамі. У ходзе праграмы можна было пачуць і песенны фальклор з вуснаў пераймальнікаў, пра што з ахвотай і любоўю клапоціцца загадчыца ўстановы Яфімчык Т. В.
8 снежня ў Краснапольскім РЦК адбудзецца канферэнцыя па падвядзенню вынікаў арт-праекта і конкурсу лепшых практык устаноў культуры “Фальклорны жыццявір”.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”