Вынікі рэгіянальнага конкурсу “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” падвялі на Краснапольшчыне

З усёй любоўю “прыгарнулі да сэрца Радзіму” ўдзельнікі творчага рэгіянальнага конкурсу, які адбыўся на Краснапольшчыне і быў прысвечаны Дню народнага адзінства ў Беларусі.
Ініцыятарам і арганізатарам конкурсу “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” выступіла народнае аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” (кіраўнік В. А. Марчанка) Краснапольскага РЦК.
У конкурсе прынялі ўдзел 29 канкурсантаў, сярод якіх персанальныя ўдзельнікі, творчыя калектывы, клубныя фарміраванні. Геаграфія конкурсу: Краснапольскі, Хоцімскі раёны Магілёўскай вобласці, г. Магілёў, г. Бабруйск, Краснагорскі раён Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Конкурс прапаноўваў праявіць сваю любоў да Радзімы, да яе культурна-гістарычнай спадчыны ў розных намінацыях.
Сярод іх – намінацыя “Тут нашы карані, зямля бацькоў”, дзе ўдзельнікі ў паэтычных або празаічных творах маглі расказаць пра сваю родную зямлю, выказаць свой гонар і любоў да маленькага кутка або сваёй вялікай Радзімы - Беларусі.
Прызнанні ўдзельнікаў конкурсу аказаліся рознымі па змесце і жанрах, але аб’ядноўвалі іх шчырасць пачуццяў, удзячнасць роднай зямлі. Усе творы дыхалі любоўю да сваіх родных куткоў, імкненнем і гатоўнасцю быць разам, каб захаваць Беларусь вольнай і незалежнай.
Актыўнымі ўдзельнікамі ў літаратурнай намінацыі выступілі члены аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК. Трое з іх сталі пераможцамі і адзначаны дыпломамі I ступені – Г. Каваленка, Г. Яўсеенка, В. Марчанка. Дыпломам I ступені адзначана работа ўдзельніка конкурсу з Расійскай Федэрацыі Т. Ефіменка, педагога МБАУ ДАД “Краснагорскі ДДЮТ”. Дыплом II ступені атрымаў С. Сыранкоў, дыплом III ступені - А. Амельчанка, таксама члены аб’яднання “Світанак”.
У намінацыі “Свайму роднаму краю пяю я песню” канкурсанты дасылалі відэазапіс выкананага песеннага твору. Прымаліся як фальклорныя песні, так і творы пра Беларусь, напісаныя аўтарамі. Трэба адзначыць, што дасланыя на разгляд журы работы адпавядалі даволі высокаму ўзроўню выканання. Таму многія ўдзельнікі адзначаны дыпломамі пераможцаў. Дыпломаў I ступені ўдастоены ансамблі, салісты, носьбіты фальклору ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”: ансамбль народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК, ансамбль народнага клуба ветэранаў “Дабрыня” Краснапольскага РЦК, салісты Краснапольскага РЦК А. Дарафееў, А. Трафімава, Ю. Падалякін, носьбіты фальклору – Н. Яцутка (Пачапоўскі СДК) і В. Марчанка (Горскі СДК); дыпломаў II ступені – В. Гомарава (Горскі СДК), Т. Яфімчык (Яноўскі СДК), Л. Каратцова (Пачапоўскі СДК). Дыпломам I ступені адзначаны народны фальклорны ансамбль “Адраджэнне” ДУК “ЦКС Хоцімскага раёна”, дыпломам II ступені - вучаніца УК “Бабруйская дзіцячая школа мастацтваў” Ганна Канавальчык.
У намінацыі “Рамёствы” трэба было даслаць фотаздымак рамеснага вырабу, ДПМ. Дыпломамі I ступені адзначаны: аддзяленне для наведвання пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН, клубныя дзіцячыя фарміраванні Ленінскага і Горскага СДК, персанальныя ўдзельнікі – А. Кандраценка (Ленінскі СДК) і Л. Крапіўніцкая (Яноўскі СДК); дыпломамі II ступені адзначаны Н. Паплыка (Пачапоўскі СДК) і Л. Васількова (Горскі СДК); дыпломамі III ступені адзначана кампазіцыя “Тры сястры”, якую прадставіла Т. Ефіменка, педагог МБАУ ДАД “Краснагорскі ДДЮТ”, і работа яе вучаніцы Глухотка Карыны.
Вынікі рэгіянальнага конкурсу “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” былі падведзены 16 верасня ў Краснапольскім РЦК у час правядзення краязнаўчых чытанняў “Мой край: вядомы, невядомы”, якія ў гэтым годзе былі прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Творы некаторых пераможцаў прагучалі ў час падвядзення вынікаў, былі прадстаўлены на выстаўках. Народнае паэтычнае аматарскае аб’яднанне “Світанак” падрыхтавала для ўдзельнікаў мерапрыемства раздатачныя буклеты з інфармацыяй па Дню народнага адзінства і паэтычнымі творамі.
Конкурс даў магчымасць яшчэ раз прадэманстраваць таленавітасць нашага народа, цікаўнасць, павагу і сяброўства да яго з боку нашых братоў-расіян, магчымасць дакрануцца да беларускай мовы і мастацкага слова і, канешне, адчуць у душы вялікі гонар за сваю Радзіму і свой народ, аб’яднаны аднымі каранямі, сваёй творчасцю і любоўю да Беларусі. Ёй, нашай Маці-Беларусі, патрэбна наша любоў – прыгарні і ты да сэрца сваю Радзіму!


Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”