X рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі” прайшоў у Дрыбіне

20-21 жніўня невялікі гарадскі пасёлак пад назвай Дрыбін з усёй шчырасцю прымаў гасцей юбілейнага дзесятага рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі”.
Фестываль праводзіцца з мэтай захавання і папулярызацыі народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў, прыцягнення ўвагі прадстаўнікоў падрастаючага пакалення да народных абрадаў, звычаяў, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву і літаратурнай творчасці, у якіх адлюстроўваюцца духоўная прыгажосць і сіла славянства.
У гэтым годзе “Дрыбінскія таржкі” сабралі каля 44 майстроў і 15 творчых калектываў з г.Магілёва, Магілёўскага, Горацкага, Хоцімскага, Дрыбінскага, Бялыніцкага і іншых рэгіёнаў вобласці, а таксама з г.Баранавічы (Брэсцкая вобласць), г.Дуброўна (Віцебская вобласць),
Фестываль развярнуўся на трох пляцоўках, у ліку якіх зона адпачынку на возеры “Капелька”, стадыён Дрыбінскай сярэдняй школы і цэнтральная плошча гарадскога пасёлка. Праграма фестывалю ўключыла ў сябе больш за 20 мерапрыемстваў для публікі ўсіх узростаў.
У першы дзень акцэнт быў зроблены на дзяцей і моладзь. На возеры “Капелька” адбылося адкрыццё дзіцячага свята і прайшоў святочны канцэрт “Маленькія Зорачкі Дрыбіна”, працавалі дзіцячыя крамніцы, гульнёвыя і спартыўныя пляцоўкі, фотазоны, аквагрымы, майстар-класы. На гэтай жа пляцоўцы адбыўся двухгадзінны фестываль фарбаў.
Другая палова дня была прысвечана моладзёжнаму блоку мерапрыемстваў. Пачалося ўсё з таварыскага матча па футболу сярод удзельнікаў музычнага гурта “Днепр STARS” і каманды Дрыбінскага раёна на стадыёне Дрыбінскай СШ. У гэты ж час на цэнтральнай плошчы быў паказаны фільм пад адкрытым небам. Акрамя таго, у вячэрняй праграме – работа моладзёжных пляцовак па інтарэсам, майстар-класы, кулінарныя прысмакі і шмат іншага.
Іскрынкай моладзевага блока стала дэфіле-прэзентацыя беларускіх касцюмаў, валеных і саламяных вырабаў. На якім былі прадэманстраваны традыцыйныя беларускія строі, а таксама абутак, упрыгожванні – размаляваныя валёнкі ручной работы, бусы і брошкі з шэрсці, паясы і многае іншае. Гасцей фестывалю сваёй творчасцю парадавалі салісты раённага Цэнтра культуры, артыст беларускай эстрады Павел Любчанка і музычная група “Днепр Stars”. Завершыўся першы дзень святочнай дыскатэкай.
Мерапрыемствы другога дня прайшлі на цэнтральнай плошчы Дрыбіна. Тут працавала імправізаваная “Мытня”, на якой сустракалі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Каб прайсці на тэрыторыю свята, неабходна было выканаць жартоўнае заданне. Гэта адразу задало пазітыўны настрой гасцям і ўдзельнікам.





На цэнтральнай плошчы разгарнулася работа горада майстроў, майстар-класы па народным промыслам і рамёствам, конкурс падворкаў, народныя гульні і іншае. Вырабы з саломкі і лазы, тканыя паясы і традыцыйныя лялькі, лапці, свістулькі-салаўі, кампазіцыі з бісера – усё гэта і многае іншае можна было не толькі разгледзець, але і набыць у якасці сувеніра.
Удзельнікі і госці фестывалю прынялі ўдзел у святочным шэсці. Маляўнічай калонай яны прайшлі да галоўнай сцэны, дзе адбылася ўрачыстая цэрамонія адкрыцця “Віват, таржкі – 2021”, выступленне калектываў народнай творчасці, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне ўдзельнікаў фестывалю. Святочны настрой стваралі і падтрымлівалі вясёлыя выступленні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці.






У рамках свята быў урачыста прэзентаваны гімн фестывалю, аўтар якога – сябра літаратурнай суполкі “Вянок Дрыбіншчыны” і літаратурнага аб’яднання “Ветэран” г. Магілёва Анастасія Конанкава. Музыка – Сяргея Гарбацюкова, аранжыроўка – Уладзіміра Куцаева.
Завяршылася свята фаер-шоў ад каманды “Steam show”, г.Мінск і грандыёзным феерверкам, што асвяціў начное неба Дрыбіншчыны.





Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”