Хацімчане адсвяткавалі купалле
Купалле – вельмі старажытнае славянскае свята. І калі ў далёкім мінулым для нашых продкаў яно насіла рэлігійнае адценне, то ў сучаснасці – гэта адно з любімых народных гулянняў з сваеасаблівымі традыцыямі і паданнямі, якія напэўна ведае кожны з дзяцінства.
6 ліпеня ў Хоцімску ўдзельнікі народнага тэатральнага калектыва “Прамень” раённага Цэнтра культуры прапанавалі гледачам паглыбіцца ў гісторыю і паспрабаваць злучыць мінулае і сучаснасць: легенду аб папараць-кветцы з сучаснымі меркаваннямі і жаданнямі беларусаў. Выйшла цікава і пазнавальна. Аб гэтым сведчылі радасны смех і апладысменты хацімчан. Тэатралізаваныя мініяцюры перамяжоўваліся з музычнымі кампазіцыямі ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры.
Канцэртная праграма плаўна перацякла ў танцавальную “Каму за…”. Каля купальскага вогнішча ў парку культуры і адпачынку сабраліся дарослыя і дзеці. Гледзячы на водбліскі купальскага агню кожны мог ачысціць сваю душу і загадаць жаданне, верачы, што купальская ноч – па-сапраўднаму чароўная.
Святочная праграма скончылася дыскатэкай “ШАНС” у фае раённага Цэнтра культуры, якая працягнулася амаль што да самай раніцы.
Сяргей Кавалёў, метадыст ГУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна”