Хоцімскія лялькі – лепшыя за усіх!
У горадзе Круглае ў суботу 15 чэрвеня 2024 года прайшло IX рэгіянальнае свята-конкурс “Свята лялькі”. Калісьці свята-конкурс, пачынаўся як невялікае мясцовае мерапрыемства “для сваіх”, а зараз вырас да абавязковага і важнага для культурнага жыцця Магілёўшчыны і збірае ў Круглым не толькі прафесійных майстроў па вырабе лялек, але і рамеснікаў іншага профілю, аматараў, творчыя калектывы і артыстаў з многіх рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Сёлета ў конкурснай праграме прынялі ўдзел майстры Хоцімскага раённага Дома рамёстваў – Таццяна Навумава і Ніна Рагоўская. Не з’яўляецца сакрэтам, што Таццяна Мікіцічна прызнаны майстар па вырабе тэкстыльнай лялькі. Яе вырабы займалі прызавыя месцы на вялікай колькасці выставак, аглядаў, конкурсаў. Стыль майстра вядомы далёка за межамі Хоцімшчыны. А вось для Ніны Сямёнаўны, прызнанага віртуоза ў кераміцы, выраб лялек стала справай новай. Яна сама прызнаецца, што першыя спробы вылепіць з гліны выява чалавека былі няўдалыя. Але майстру ўдалося стварыць арыгінальны дызайн. Так ужо атрымалася, што акрамя майстра з Хоцімска ніхто не прадставіў на конкурс лялек, выкананых у кераміцы. Хоць разнастайнасць матэрыялаў і тэхнік было прадстаўлена ў лішку. Як і намінацый для ўдзельнікаў.
А зараз самае галоўнае і прыемнае – майстры Хоцімскага Дома рамёстваў Ніна Рагоўская і Таццяна Навумава прывезлі дадому пяць Дыпломаў I ступені і адзін Дыплом II ступені. Як гаворыцца, абсалютная перамога! Журы конкурсу адзначыла Таццяну Навумаву ў намінацыях “Традыцыйная лялька” – два першыя месцы і ў намінацыі “Міфы і легенды роднага краю” – таксама два першыя месцы. Керамічныя лялькі Ніны Рагоўскай атрымалі вышэйшую адзнаку і першае месца ў намінацыі “Міфы і легенды роднага краю” і другое месца намінацыі “Сучасная лялька”.
А.А.Александрын, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна”