XXVІІ Дзень беларускага пісьменства
6 верасня 2020 года горад Бялынічы Магілёўскай вобласці стаў цэнтрам святочных мерапрыемстваў XXVІІ Дня беларускага пісьменства.
Гэта свята, якое спрыяе беражліваму захаванню і развіццю духоўнай спадчыны Беларусі, папулярызацыі нацыянальных культурных традыцый, паказвае іх узаемасувязь з славянскімі вытокамі і сённяшнім днём.
Установа культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” і клубныя ўстановы Магілёўскай вобласці таксама не засталіся ў баку і ўнеслі сваю лепту ў святкаванне гэтага дня. Арганізавалі работу тэматычнай плацоўкі “Вянок беларускіх казак”, тэматычны канцэрт народнай творчасці “Роднае слова” з удзелам калектываў, выканаўцаў клубных устаноў Магілёўскай вобласці, адкрыццё плошчы “Асветніцкая”.
У выкананні ўдзельнікаў канцэрта гучалі добра ўсім вядомыя беларускія народныя песні і песні сучасных аўтараў. Кожны калектыў, выканаўца дарылі добры настрой і пазітыўныя эмоцыі.
А на тэматычнай пляцоўцы “Вянок беларускіх казак” для жыхароў і гасцей свята была падрыхтавана выстава-кірмаш з работай тэматычных павільёнаў і экспазіцый, насычаная праграма з казачнымі прадстаўленнямі, гульнёва-забаўляльнымі праграмамі, а яшчэ шмат музычных выступленняў ад мабільных груп.
Пастаноўкі па матывах беларускіх народных казак і казак беларускіх пісьменнікаў у рэгіянальным конкурсе на лепшую тэматычную пляцоўку “Вянок беларускіх казак” прыцягвалі да сябе ўвагу юных бялынічан, якія з задавальненнем дапамагалі героям, а таксама фатаграфаваліся. Па выніках конкурсу дыплом I ступені атрымаў калектыў УК “Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу” за казку, якая аб’яднала, упляла ў сябе сюжэты некалькіх казак і атрымала назву “Вянок беларускіх казак”.
Нікога не пакідала абыякавым выстава-пляцоўка “Хараство народных рамёстваў», дзе сваё майстэрства прадстаўлялі майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці конкурснымі работамі рэгіянальнага конкурсу аб’ёмнай скульптуры “Залаты птах”. Выкананыя ў розных традыцыйных тэхніках 65 работ вабілі да сябе. Ад іх веяла цеплынёй і любоўю. Іх хацелася ці патрымаць у руках, ці сфатаграфавацца на памяць. Гэта героі казак і “Баба Яга”, і “Дзед з Бабай”, і “Чорт”, і “Воўк”, і “Касар з хлебам”, і “Кот”, і “Буслы”, і “Пеўнік”, і “Чароўныя птушкі”, і шмат-шмат іншых. А па выніках конкурсу Гран-пры атрымаў Кудзікаў Сяргей Аляксандравіч, майстар па мастацкай коўцы раённага Дома рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна” за работу “Варона Бабы Ягі”.
А вось анлайн-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Залатая яблынька”, у якім майстры ў рэжыме рэальнага часу выраблялі невялікія вырабы па матывах казах захапляў сваёй дынамічнасцю. Кожны ўкладаў сваю душу, увасабляў сваю задуму, як мага хутчэй і тэхнічней, эстэтычней і прыгажэй. Яблыньку ўпрыгожылі цудоўныя творы 37 майстроў-удзельнікаў. І журы было шчодрым на ўзнагароды. Дыпломы I ступені прысуджаны: народнаму майстру па ганчарству і кераміцы Арлову Аляксандру Васільевічу (Бабруйскі раён), майстру па кераміцы і ганчарству Мачульскаму Арцему Аляксандравічу (Горацкі раён), майстру па вырабе тэкстыльнай лялькі Беланожка Галіне Мікалаеўне, майстру разьбы па дрэву Давыдаву Віктару Іванавічу (Касцюковіцкі раён), народнаму майстру па кераміцы Якавенка Вячаславу Мікалаевічу (Крычаўскі раён), майстру разьбы па дрэву Максіменка Максіму Валер’евічу (Крычаўскі раён), майстру па саломапляценню Северцавай Таццяне Уладзіміраўне (Горацкі раён), майстру Быстровай Анжэле Аляксандраўне (Быхаўскі раён).
Свята атрымалася запамянальным і яскравым.