Я на ўсё жыццё абраў дарогу…
У 2024 годзе споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. 6 лютага, у дзень нараджэння пісьменніка, у Касцюковіцкім раённым Цэнтры культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, на якое сабраліся ўсе аматары творчасці Аркадзя Куляшова.
З самых першых друкаваных твораў паэт услаўляў родную зямлю, сваю Радзіму – Касцюкоўшчыну! Для прысутных гэты дзень стаў сапраўдным святам. У фае былі арганізаваны выставы: “Волат беларускай паэзіі” і “Вобразы мілыя роднага краю”, а на сцэне прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці вядомага земляка. Падчас мерапрыемства прагучала шмат прыгожых слоў на адрас паэта, вершаў у выкананні ўдзельнікаў дзіцячага гуртка мастацкай творчасці “Зоркапад”. Удзельнікамі дзіцячых гурткоў раённага Цэнтра культуры «Зоркапад” і “Акрыленне” была прадэманстравана інсцэніроўка вядомага твора пісьменніка “Балада аб чатырох заложніках”. Гучалі песні, прысвечаныя роднай зямлі і паэту. Песня “Алеся” ў выкананні Мікалая Сігаева, саліста вакальна-інструментальнага гурта “Этыкет”, дапамагла ўсім прысутным адчуць дух паэзіі пісьменніка. На аптымістычнай ноце скончылі мерапрыемства салісты раённага Цэнтра культуры песняй «Пой, паэтава душа…», аўтарам якой з’яўляецца наша зямлячка – Наталля Дробышава.
Творчасці Аркадзя Куляшова – самы дарагі скарб, які трэба берагчы для будучых пакаленняў.
В.А.Клімук, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна”