ЯДНАЕ ТВОРЧАСЦЬ І НАТХНЕННЕ
Творчасць і натхненне валодаюць моцнай стваральнай сілай і служаць плённай працы, яны яднаюць творцаў у іх пошуках і пачуццях.
Гэта зноў пацвердзілі ўдзельнікі намінацыі “Незабытыя рамёствы” III рэгіянальнага многажанравага творчага конкурсу “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, прымеркаванага да Дня народнага адзінства. Разнастайнасць матэрыялаў, тэхналогій, якасць работ, наяўнасць густу і фантазіі здзіўляюць, сведчаць пра любоў да творчасці, пра веданне сакрэтаў традыцыйнай народнай культуры і сучасныя плыні ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Свае работы на конкурс і суд журы прадставілі як вопытныя майстры з ліку спецыялістаў Краснапольскага РДР, так і аматары творчасці з ліку работнікаў сельскіх дамоў культуры, іх творчых аб’яднанняў і іншых устаноў раёна. Лаза, салома, талаш, нітка, тэкстыль, джут, фоаміран, бумага – матэрыялы выкарыстаны самыя розныя. І тэхналогія розныя. Але ўсе работы аб’ядноўваюць прыгажосць і ўнікальнасць, жаданне радаваць вочы, разглядаючы гэтыя рукатворныя рэчы, і спасцігаць мудрасць продкаў і ўмельства іх сённяшніх нашчадкаў.
Пераможцамі конкурсу ў намінацыі “Незабытыя рамёствы” прызнаны: майстры Краснапольскага РДР – Маскалькова В. В., Банкузаў А. У., Андрыянава В. В., Семчанка С. С., якія адзначаны дыпломамі I ступені; работнікі сельскіх клубных устаноў раёна – Паплыка Н. Р., Крапіўніцкая Л. В., Васількова Л. У., якія таксама адзначаны дыпломамі I ступені; дыпламантам I ступені стала і клубнае фарміраванне “Іскусніца” Горскага СДК; Лесюкова В. А., кіраўнік гуртка аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і забеспячэння дзённага наведвання для грамадзян пажылога ўзросту ўстановы “Краснапольскі РЦСАН” адзначана дыпломам II ступені.
Пра некаторых умельцаў і іх творчасць В. А. Марчанка распавяла асобна.
Напрыклад, пра Наталлю Рыгораўну Паплыка. Гэта – культарганізатар Пачапоўскага СДК, аднак не так даўно яна захапілася ткацтвам, актыўна засвойвае яго сакрэты, вывучае асаблівасці ткацкага станка і ўжо радуе вынікамі свайго захаплення. Сатканыя ёй рознакаляровыя “дарожкі” дэманструюцца на выстаўках розных мерапрыемстваў. Убачылі яе выставу госці фестываляў “Краснапольскі глечык”, “Тэатральныя вечарыны” і ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў “Мой край: вядомы, невядомы”, дзе падводзіліся вынікі конкурсу “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”.
Актыўна займаецца “шуршащим творчеством”, працуе з раслінным матэрыялам талашом, Людміла Віктараўна Крапіўніцкая, культарганізатар Яноўскага СДК. Вырабленыя ёй і яе выхаванцамі з клубнага фарміравання пано, абярэгі, аб’ёмныя кампазіцыі і прадметы адзення, абутку, быту вабяць сваёй прыгажосцю, цеплынёй, нагадваюць пра заняткі нашых продкаў.
Апошнім часам зноў вярнулася “мода” на гафраваную бумагу. А ўмельства, настойлівасць, фантазія, засваенне новых тэхналогій, імкненне да прыгожага дапамагаюць ствараць сапраўдны цуд. Менавіта так і адбываецца ў творчасці Людмілы Уладзіміраўны Васільковай, культарганізатара Горскага СДК і яе выхаванцаў з клубнага фарміравання.
Нямала творцаў на Краснапольшчыне, якія захоўваюць спадчыну продкаў. А розныя віды мерапрыемстваў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, як і конкурс, пра які ідзе гаворка ў гэтым артыкуле, накіраваны на папулярызацыю гэтай багатай спадчыны, на абмен вопытам, на далучэнне насельніцтва да прыгожай і неўміручай традыцыйнай культуры беларусаў.
В. А. Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”