Як адзначалі «Зялёныя Святкі» артысты Хоцімскага раёна
Свята Святой Тройцы шануецца на Хоцімшчыне асабліва. Свята-Траецкі Сабор - быў асвечаны менавіта ў гонар гэтага, аднаго з галоўных праваслаўных святаў. І сёлета спаўняецца 150 гадоў з гэтай знамянальнай падзеі. У беларусаў гэтае свята акрамя афіцыйнай назвы мае і народныя – Сёмуха, Зялёныя Святкі, Духаў дзень і іншыя. Нязменна адно – спакон веку і да сённяшніх дзён у гэты дзень у розных рэгіёнах Беларусі праходзяць гулянні, выконваюцца старадаўнія звычаі і рытуалы, праводзяцца фестывалі.
У Чавускім раёне 4 чэрвеня дзясяты раз прайшло рэгіянальнае свята-конкурс «Зялёныя Святкі». Аматары беларускіх народных традыцый, абрадаў і песень сабраліся ля Байкоўскіх крыніцаў каб убачыць выступленні творчых калектываў з розных раёнаў Магілёўскай вобласці. Этнаграфічныя групы і майстры прыязджаюць сюды, каб прадставіць свае працы і прадэманстраваць творчасць. Хоцімскі раён у конкурснай праграме гэтага года прадстаўляў народны фальклорны ансамбль «Адраджэнне» раённага Цэнтра культуры.
Падчас фэсту прайшло асвячэнне крыніц, пасля чаго кожны змог набраць крынічнай вады і акунуцца ў купель «для ачышчэння цела і духу». Калектывамі з раёнаў Магілёўскай вобласці былі здзейснены ўсе належныя святу абрады: Завіванне бярозы, або кумленне, Ваджэнне куста, карагоды вакол рытуальнага вогнішча. Але назва мерапрыемства свята-конкурс дадзена «Зялёным Святкам» у Чавускім раёне не выпадкова. Журы ацэньвала выступленне ансамбляў у некалькіх намінацыях. І па выніках конкурснай праграмы народны фальклорны ансамбль «Адраджэнне» быў узнагароджаны Дыпломамі I ступені адразу ў дзвюх намінацыях: «Святочныя траецкія спевы» і «Лепшы карагод». Рашэнне журы было аднагалосным.
У гэты ж нядзельны дзень Зялёныя Святкі адсвяткавалі і на Хоцімшчыне. На базе Іванаўскага сельскага дома культуры сваю версію свята з мясцовым каларытам прысутным гасцям прадэманстравалі работнікі Іванаўскага СДК, Хоцімскага раённага цэнтра культуры, Бярозкаўскага і Трасцінскага сельскіх дамоў культуры. Было тут і кумленне, і Ваджэнне куста, выступленне салістаў і калектываў з народнымі і абрадавымі песнямі. І ацэнак нікому не ставілі. Але ж нет. Галоўную і самую важную ацэнку далі гледачы, якія прымалі ўдзел у абрадах і гульнях. На іх думку, свята Зялёныя святкі па-іванаўску атрымаўся добрым, запамінальным, вясёлым. Калі жадаеце, хатнім. Усе, хто прыйшоў у той вечар на адкрытую пляцоўку каля Іванаўскага СДК атрымалі традыцыйны пачастунак на Траецын дзень (яшчэ адна народная назва свята) – яечню. Жанчыны з захапленнем плялі вянкі з галінак і кветак, мужчыны, як было пакладзена здаўна, вязалі венікі для лазні і нават выпрабавалі іх адзін на адным. Завяршылася свята агульным вялікім карагодам вакол вогнішча.
Свята Зялёныя Святкі заснавана на нацыянальных традыцыях. І што ў Чавусах, што ў Хоцімску, што ў любым іншым рэгіёне Беларусі праводзіцца з мэтай адраджэння, захавання самабытнай фальклорнай культуры і традыцый рэгіянальнага характару, іх папулярызацыі і актуалізацыі ў сучасным грамадстве, а таксама далучэння падрастаючага пакалення да традыцыйнай культуры.
А.А.Александрын, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»