Як у Новых Саматэвічах Соракі спраўляюць і вясну гукаюць
На Касцюкоўшчыне свята Соракі спраўляюць весела і незвычайна. Аб гэтым раскажа Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна.
«На свята Соракі нас запрасілі работнікі Новасаматэвіцага клуба вольнага часу. Удзельнікі клуба аматараў народнай творчасці «Пошук» падрыхтавалі незвычайную праграмму мерапрыемства. Спачатку быў арганізаваны майстар-клас па выпечке жаўраначкаў мясцовай жыхаркай, гасціннай гаспадыней Шорнікавай Галінай Іванаўнай. Смачней яе цесцяных птушак спрабаваць не даводзілася!
Як патлумачыла гаспадыня: «Руку было на чым і на кім набіваць! Падзі, паспрабуй шасцёраў мужыкоў накармі!». Галіна Іванаўна – маці пяці хлапцоў! Ураджэнка Украіны, з самой красы – Адэсы, знайшла сваё шчасце ў маленькай беларускай вёсцы Саматэвічы, Касцюковіцкага раёна. Усё палюбілася тут маладой жанчыне: прырода, зямля, людзі, звычаі… Нажаль Чарнобыль пазбавіў любых мясцін, але самае дарагое засталося і асталявалася на новым месцы, у аграгарадку перасяленцаў Новых Саматэвічах. І вось зноў руплівыя рукі па-майстэрску лепяць птушак для аднавясковых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія што год збіраюцца разам, каб вясну-красну гукаць па звычаям сваіх матуль і бабуль. А птушкі ў гэты дзень нас суправаджалі паўсюль. Добры вывадак куранят громка ціўкаў пад лаўкай у той час, калі ў печы румяніліся цесцяныя птушкі-жаўранкі, дзеці сустрэлі нас птушкамі-свістулькамі, а над галавамі ўжо ва ўсю лёталі ластаўкі, якія наляпілі гнёздаў над уваходам у клуб.
З веснавымі песнямі двінулася вясёлая кагорта дзяцей і падлеткаў па цэнтральнай вуліцы аграгарадка.
– Дазвольце нам вясну гукаці? – пытаюцца дзеці ў аднавяскоўцаў, што трапляюцца на сустрэчу.
– Дазваляем, дзетачкі, дазваляем! – адказваюць людзі.
– Блаславіце нас вясну сустракаці? – зноў пытаюць дзеці.
– Бласлаўляем, харошыя вы нашы, бласлаўляем! – машуць аднавяскоўцы ўслед вясёлай кампаніі.
Наступны прыпынак – бераг ракі Бесядзь. На ўзгорку ўжо прыладжаны да двух хвояк вялікія арэлі. Побач – нарыхтоўка да вогнішча. Гучным рэхам па лесе разносяцца звонкія песні, звон бубнаў і трашчотак. Дзеці разбіраюць печаных жаўрукоў, падымаюць іх угору, заклікаюць пералётных птушак вяртацца дамоў. Каб было чым вяртальнікам падсілкавацца з дальняй дарогі, астаўляюць на галінках некалькі печаных птушак-галушак. Далей дзяўчынкі і хлапчукі выбіраюць самае прыгожае, галіністае дрэўца і дружна ўпрыгожваюць рознакаляровымі стужкамі. «Каб у гэтым годзе густа цвілі пладовыя дрэвы, каб багатым быў ураджай садавіны», – тлумачыць свае дзеянні кіраўнік клуба аматараў народнай творчасці «Пошук» Алеся Шаройка. «А хто вышэй за ўсіх зможа пакалыхацца!» – кліча дзяцей Алеся і тыя навыперадкі нясуцца да новых, вялікіх арэляў.
– Вышэй, яшчэ вышэй! – заклікаюць хлопцаў дзеўкі.
– Каб такім жа высокім і дужым жыта з пшанічкаю ў гэтым годзе ўрадзілася! – прыгаворвае Алеся.
Па чарзе пакалыхаліся ўсе, а потым развіталіся, але не надоўга. Дамовіліся ўвечары сустрэцца тут ізноў, каб «вясну пагрэць» на вялікім вогнішчы. «Вясна, вясна, падзі сюда…» – яшчэ некаторы час чулася з розных бакоў вёскі. Гэта дзеці, разыходзячыся па хатах, напявалі ўжо ўпадабаную веснавую заклічку».
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна»