Юбілейная вечарына «Мае гады – маё багацце» прайшла ў Бялыніцкім раёне
24 мая ў Бялыніцкім раённым Цэнтры культуры прайшла юбілейная вечарына «Мае гады – маё багацце».
Нагодай для свята стала 80-годдзе Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў, лаўрэата рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў намінацыі «Сатыра і гумар», лаўрэата літаратурнай прэміі Івана Чыгрына Магілеўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара мноства сатырака-гумарыстычных выданняў, Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, чалавека багатага на жыццёвую мудрасць і вопыт, жыццёвы шлях якога яркі прыклад для пераймання – Мікалая Іванавіча Падабеда.
Павіншаваць юбіляра прыехалі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Рыгораўна Дзівакова, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Казека, галоўны рэдактар абласной газеты «Магілёўскія ведамасці», старшыня абласной журналісцкай арганізацыі Святлана Аляксандраўна Шутова, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Леўчынка, Мікола Салаўцоў, Віктар Кунцэвіч, рэдактар Бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» Міхаіл Аляксеевіч Карпечанка, а таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Уладзіміраўна Фурсава, сваякі, сябры, суседзі.
Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Казека ўручыў Мікалаю Іванавічу медаль «За вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры».
У цёплай абстаноўцы юбіляра на працягу ўсёй вечарыны віншавалі з узнагародай і юбілеем, у яго гонар самадзейныя артысты спявалі песні. Мікалай Іванавіч расказваў свае гумарэскі, тэатральны калектыў Ланькаўскага СЦКіВЧ паказаў інсцэніроўку па яго гумарэсцы «Абулі ў лапці».
На працягу вечара вядучыя задавалі пытанні юбіляру пра дзяцінства, мары, творчыя поспехі, жыццё, працу на пасадзе рэдактара раённай газеты «Зара над Друццю», на якія ён ахвотна адказваў.
У зале царыла атмасфера добразычлівасці, цеплыні і ўтульнасці.
Мерапрыемства прайшло на высокім выканаўчым і рэжысёрска-пастановачным узроўне, спадабалася і юбіляру, і гасцям.
Т.С.Падымака, асістэнт народнага тэатра юнага гледача Бялыніцкага раёна