З БЕЛАРУСКАЙ ГАСЦІННАСЦЮ СУСТРАКАЛІ ГАСЦЕЙ

Беларусы, як вядома, славяцца сваёй гасціннасцю. Гэта ў поўнай меры прадэманстравалі клубныя работнікі сельскіх дамоў культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” пад час правядзення на Краснапольшчыне міжнароднага фестывалю аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны”. Разам з метадыстам па традыцыйнай культуры Валянцінай Марчанка яны арганізавалі вясёлую інтэрактыўную і “смачную” пляцоўку з багаццем самых розных страў беларускай кухні.

Сярод гасцей фестывалю – аматарскія тэатральныя калектывы з г. Масквы і г. Смаленску, калектывы з гарадоў Беларусі – Шклова, Магілёва, Новаполацка. Усе яны праявілі цікаўнасць да кутка ў гарадскім скверы, адкуль плылі апетытныя пахі і музыка.
Тут дыхала гарачая печка, ля якой завіхаліся Людміла Каратцова, Наталля Паплыка і Таццяна Вялічка, культработнікі Пачапоўскага і Сідараўскага СДК. На печцы смажыліся сала, дранікі, яешня, побач ліхавалі беларуская бульба і юшка са шчукай. Госці маглі і самі паўдзельнічаць у працэсе прыгатавання гэтых страў.

А на стале красаваліся самыя розныя прысмакі: салаты кансерваваныя і са свежай зеляніны, аладкі і бліны – тонкія і таўстыя, маканыя ў смятану і тыя, якія можна было ўжываць з мёдам і варэннем, салодкая выпечка – хрусткі хвораст, пірагі, запяканкі. Нельга было адрозніць ад сапраўдных грыбоў выпечаныя з цеста грыбы ад Алёны Гульковай з Палужскага СКБ. Рыба з мясцовых вадаёмаў, тушаная мяса, розныя амлеты, мясныя і бульбяныя каўбаскі – нельга было іх абмінуць. Усім прыйшліся да смаку смажаныя і салёныя грыбы, якія ўмела гатовяць Таццяна Акіншава і Ганна Маскалёва, культработнікі Казельскага СК. Да апошняга раляцеліся грачанікі па рэцэпту Алёны Зенчанка з Тур’яўскога СДК. На гасцінным стале можна было адшукаць розныя сокі і напоі ад гаспадарлівых Алёны Кандраценка і Тамары Рубан з Ленінскага СДК. Прывабным і настальгічным быў пах хлеба, выпечанага Людмілай Васільковай з Горскага СДК. Усяго нельга і пералічыць. І ўсім гэтым можна было досыць частавацца. А клубныя работнікі мелі магчымасць абмяняцца рэцэптамі страў.
Заклікала ў гэты прывабны куток і жывая музыка і народныя беларускія песні. З імпэтам выконваў народныя мелодыі на гармоніку Мікола Занудзенка з вёскі Леніна. Госці далучаліся да ігры на шумавых інструментах, а гаспадыні падворка дарылі яшчэ і свае звонкія песні і частушкі. Са шчырай любоўю да іх спяваў ансамбль народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК. Адным словам, гасцей сустракалі з беларускай гасціннасцю і душэўнасцю.
Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”