З клопатам аб іміджы і захаванні традыцыйнай культуры
У перыяд з 20 красавіка па 14 мая сярод кіраўнікоў клубных фарміраванняў сельскіх устаноў культуры Краснапольскага раёна адбыўся конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы кіраўнік клубнага фарміравання па традыцыйнай культуры”.
Конкурс праводзіўся з мэтай стымулявання дзейнасці кіраўнікоў клубных фарміраванняў, павышэння іх майстэрства і эфектыўнасці работы; абнаўлення форм, метадаў і тэхналогій арганізацыі заняткаў; захавання і развіцця традыцыйнай культуры, далучэння да яе падрастаючага пакалення, і, канешне, з клопатам аб стварэнні станоўчага іміджу клубных фарміраванняў і ўстаноў культуры.
Удзельнікамі конкурсу сталі спецыялісты 8 СДК, якія дэманстравалі свой вопыт работы ў наступных накірунках: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – 3 спецыялісты; народная песня (непрафесійныя аматарскія калектывы) – 3 спецыялісты; этнаграфія – 3 спецыялісты.
Конкурсу папярэднічала метадычная падрыхтоўка і метадычнае забеспячэнне дзейнасці спецыялістаў СДК. Адбыўся семінар, групавыя і індывідуальныя кансультацыі, абмеркаванне палажэння аб конкурсе, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па методыцы арганізацыі заняткаў клубных фарміраванняў; для членаў журы распрацаваны ацэначныя лісты з крытэрыямі ацэнкі заняткаў.
Конкурс уключаў 2 этапы: фарміраванне і афармленне партфоліо і адкрытыя паказы заняткаў. Асаблівасцю конкурса стала тое, што на адкрытыя прагляды заняткаў былі запрошаны ўсе кіраўнікі клубных фарміраванняў СДК, якія мелі магчымасць у час конкурсу знаёміцца з вопытам калег, абменьвацца думкамі і ўласным вопытам.
Вынікі конкурсу былі падведзены на раённым семінары. Дыпломамі 1-й ступені ўзнагароджаны Яфімчык Т.У. (Яноўскі СДК), Васількова Л.У. (Горскі СДК), Кандраценка А.У. (Ленінскій СДК). Дыпломамі 2-й ступені – Каратцова Л.Я. (Пачапоўскі СДК), Падабед Р.Я. (Сідараўскі СДК), Гулькова А.І. (Палужскі СДК). Дыпломамі 3-й ступені – Дзегцярова Н.А. (Халмянскі СДК), Смаршкова З.А. і Саранкова В.Д. (Тур’яўскі СДК). Бонусную ўзнагароду ад журы атрымалі Саранкоў В.М., акампаніятар-гарманіст двух СДК і кіраўнік гуртка Сідараўскага СДК Нюнько Е. М. за лепшы канспект занятка.
Традыцыйная культура – бясцэнны фонд гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй радзімы. Знаёмства з ім павышае культурны ўзровень, фарміруе павагу да продкаў і культуры, нараджае пачуццё датычанасці да каштоўнасцей свайго народа. Кожны спецыяліст культуры ў вырашэнні гэтых задач павінен адшукваць найлепшыя шляхі і сродкі. А конкурсы прафесійнага майстэрства абуджаюць работнікаў культуры да пошуку і росту, спрыяюць фарміраванню іміджу установы і традыцыйнай культуры.
Марчанка В. А., метадыст РЦК г. п. Краснаполле