З ЛЮБОЎЮ ДА РОДНАГА КРАЮ

Радзіма з маленства гадуе
І дорыць сваю прыгажосць,
Малая радзіма ратуе,
Яна ў нас у кожнага ёсць.
З любоўю, цеплынёй і шчырасцю да людзей і малой радзімы прайшло свята вёскі Халмы Краснапольскага раёна. Правядзенне святаў вёсак на Краснапольшчыне стала традыцыяй, якую падтрымлівае раённы Савет дэпутатаў, розныя структуры і арганізацыі раёна і, канешне, – сфера культуры.
Праз насычаную і змястоўную праграму, праз эпізоды свята і праз узаемадзеянне розных сацыяльных суб’ектаў і службаў раскрываліся каштоўнасці малой радзімы, гарталіся гістарычныя старонкі, паказвалася пераемнасць пакаленняў, уважлівае стаўленне да розных катэгорый жыхароў вёскі, задавальняліся розныя інтарэсы і густы.


КАГО ЎШАНОЎВАЛІ НА СВЯЦЕ?
Па традыцыі на свяце былі ўшанаваны ветэраны розных сфер працы, якім словы ўшанавання і віншавання дасылалі прадстаўнікі розных арганізацый. Сярод ветэранаў за шматгадовую працу былі адзначаны Ю. Г. Падзянкова, К. А. Андрэева, Л. Д. Цімохіна, Л. П. Слаўнікава, Л. І. Казлова, А. А. Храмцова, З. А. Мукалава. Былі адзначаны актывіст вёскі В. М. Акіншаў і член ГА “БРСМ” А. Цімохіна. Старшыня мясцовага сельвыканкама В. У. Шапавалава адзначыла творчых людзей вёскі і гаспадароў, якія ў Год добраўпарадкавання ў Беларусі праявілі асаблівы клопат па навядзенню парадку і прыгажосці на сваіх падвор’ях і вакол іх. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Я. Маторын уручыў падарункі самаму маленькаму жыхару вёскі - Ягору Філіпенку, якому споўнілася толькі паўгода, і доўгажыхарцы В. М. Слабодчыкавай, якой праз месяц споўніцца 95 гадоў! Была ўшанавана і шматдзетная сям’я. Маці Сысоевай Т. І. падарунак уручыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Краснапольскага райвыканкама В. П. Шамянкова. Яна падкрэсліла, што сям’я – гэта крыніца фарміравання і развіцця асобы, выхаванне чалавечага капіталу, назапашванне і перадача традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей.


ПРАЛЯЦЕЛІ ВЯКІ НАД СТАРОНКАЙ
Вёсцы Халмы больш за 150 гадоў. Шмат таямніцаў захоўвае яе гісторыя. Цікаўнасць у вяскоўцаў і гасцей свята выклікалі старонкі гісторыі вёскі з тых далёкіх часоў, калі яна была ўласнасцю Макавецкага, потым належыла падпалкоўніку Крываносаву Ф. А.
Былі прыведзены факты і названы асобы, якія складаюць гонар не толькі вёскі, але і ўсёй краіны. Сярод іх, напрыклад, Я. П. Лук’яненка, які ўдзельнічаў у рэвалюцыі і ваяваў на франтах грамадзянскай вайны, служыў на судне Дняпроўскай ваеннай флатыліі пад назвай “25 Октября”. Л. Ф. Яўменаў нарадзіўся ў вёсцы Халмы у 1932 годзе, стаў Доктарам філалагічных навук, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, з’яўляецца аўтарам шэрагу навуковых прац па філасофіі, этыцы, эстэтыцы.


СТУПІЦЬ ВОРАГ – МЫ ЗБРОЮ БЯРОМ
Свой след у гісторыі вёскі Халмы пакінула і Вялікая Айчынная вайна.
У год 80-годдзя Вялікай Перамогі проста нельга было не прыгадаць старонкі вызвалення вёскі 362-й стралковай дывізіяй 1208 стралковага палка. Вёска была вызвалена 1 кастрычніка 1943 года, як і весь раён. На свяце была аддадзена даніна павагі тым вяскоўцам, якія вярнуліся ў родную вёску з перамогай. Сярод іх Усцін Казлоў, Аляксей Краўцоў, Кузняцовы Пётр, Мікалай і Дзмітрый, Лебедзевы Іван і Аляксандр, Адам Пятнышоў, Арсеній Слабажанюк, Сямякін Мікалай, Якубенка Мікалай. На франтах вайны загінулі 40 жыхароў вёскі, яшчэ 4 – у партызанах. Загінуўшых землякоў ушанавалі Мінутай маўчання.


ПРАСЛАЎЛЯЕМ КРАЙ СВОЙ ПЕСНЯЙ ЗВОНКАЙ
Усе эпізоды свята былі аздоблены мастацкімі літаратурнымі, музычнымі і песеннымі рознажанравымі творамі ў выкананні аматараў мастацкай творчасці. Шмат эмоцый выклікалі песенныя творы ў выкананні ансамбля народнай песні “Спадчына”, дуэта Наталлі Дударавай і Наталлі Паплыка, салісткі Людмілы Каратцовай Пачапоўскага СДК, салістаў Краснапольскага РЦК Ганны Снытка, Алены Трафімавай, аўтарскія вершы Валянціны Марчанка, кіраўніка народнага літаратурнага калектыву “Світанак”. У ролі вядучых выступілі Г. Снытка і А. Качанава. З фонавым музычным аздабленнем добра справіўся аператар Аляксей Храмко. Майстры вёскі дэманстравалі сваю творчасць праз выстаўкі.

З ДУШЫ РАДЗІМА ПАЧЫНАЕЦЦА
“Вясковых людзей заўсёды аб’ядноўвала любоў да сваёй вёскі, яе традыцый, уклада жыцця, дзе ўсё рабілася талакой. Арганізуючы свята, мы імкнуліся стварыць умовы ўзаемаўдзеяння, і каб кожны адчуў сваю дачыненасць да свята, да падзей вёскі, якія адбываліся і адбываюцца сёння. Гэта так важна – стаць саўдзельнікам свята, адчуць еднасць, роднасць душы, з якой і пачынаецца радзіма”, – падзялілася В. А. Марчанка, аўтар сцэнарыя свята.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтрализаваная клубная систэма Краснапольскага раёна”