З народнай лялькай да дзяцей
Год культуры прымушае шукаць новыя формы і сродкі далучэння падрастаючага пакалення да спрадвечных культурных каштоўнасцей роднай зямлі.
3 чэрвеня 2016 года з творчай праграмай “Традыцыйная народная лялька” пачаліся вандроўкі па навучальных установах Краснапольскага раёна метадыста РЦК Марчанка В. А., якая лічыцца на Краснапольшчыне народным умельцам па вырабу лялек у славянскай традыцыі.
Мэтамі і задачамі такой творчай акцыі азначана знаёмства дзяцей з традыцыйнай народнай лялькай, з прызначэннем лялькі ў жыцці чалавека; асэнсаванне лялькі, як аднаго са знакаў этнічнай прыналежнасці; выхаванне цікаўнасці да народнай спадчыны, да культуры беларусаў. А яшчэ такія сустрэчы – магчымасць педагогам пазнаёміцца з вопытам выкарыстання новых сродкаў і прыёмаў у справе далучэння дзяцей да традыцыйнай культуры.
З пачаткам лета і канікул з’явіліся магчымасці ў дзяцей і настаўнікаў задаволіць свае запыты і цікаўнасць, у тым ліку праз сустрэчы з творчымі асобамі і ўнікальнымі з’явамі культурнага жыцця малой радзімы.
У першыя дні лета такія сустрэчы і адбыліся ў дзяржаўных установах адукацыі аграгарадкоў Тур’я, Леніна і Горы.
Завуч ДУА “Ленінскі вучэбна-педагагічны комплекс сярэдняя школа – дзіцячы сад” Сакалова Ж. М. адзначыла: “Нам, канешне, патрэбны новыя твары, новыя плыні, новыя формы ў выхаваўчым працэсе, таму мы вельмі задаволены гэтай творчай акцыяй РЦК і будзем рады новаму супрацоўніцтву, асабліва з такімі творчымі асобамі, як Валянціна Аляксандраўна”.
Прапанаваныя праграмы задаволілі і дзяцей, і дарослых: адбылося знаёмства з лялькамі і іх разнастайнасцю, дарослыя і дзеці гулялі ў народныя гульні і ігралі на шумавых інструментах, атрымлівалі лялькі ў якасці прызоў.
Разнастайнасць лялек, іх прыгажосць і якасць вырабу па-добраму здзівілі прысутных, усё гэта выклікала вялікі інтарэс і шмат пытанняў.
А калі інтарэс узнік, абавязкова адбудзецца дзеянне. Гэта галоўнае – абудзіць пачуцці, бо чаго не было ў пачуццях, таго не будзе ні ў сэрцы, ні ў думках, ні ў планах, ні ў жыцці.
В.А. Марчанка, метадыст РЦК г. п. Краснаполле