З песнямі і забавамі адсвяткавалі жыхары і госці Кругляншчыны “Калядкі”
Адно з найбольш шанаваных святаў у беларусаў – Ражство Хрыстова. Мабыць, няма іншага свята, якое адзначалася б такім багаццем звычаяў, абрадаў, прымет.
7 студзеня на плошчы каля раённага Дома культуры г. Круглае прайшла тэатралізаваная фальклорная праграма “Калядныя забавы”. Запамінальнымі персанажамі народнага свята сталі Гаспадар з Гаспадыня, якія зазывалі гасцей і шчодра дзякавалі калядоўшчыкам, Лявон з Лявоніхай, Каза-калядоўшчыца, Цыганка з Мядзведзем ды Чорт-калядоўшчык.
Яркія музычныя нумары народнага ансамбля народнай песні “Вераснянка” РДК, народнага вакальнага ансамбля “Калінушка” філіяла Комсеніцкі СДК і вакальнага ансамбля “Беларусачка” філіяла Цяцерынскі СЦК прыцягнулі ўвагу дарослых і дзяцей, якія весела танцавалі пад народныя мелодыі.
І няхай сырое і ветранае надвор’е не дазволіла сабрацца вялікай колькасці гледачоў, тым не менш артысты РДК пастараліся ад душы, каб падарыць прысутным святочны настрой і шмат станоўчых эмоцый.
Т.Р.Радоўская, метадыст РДК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Круглянскага раёна”