Засеўкі ў Бабруйскім раёне
Традыцыйнае абрадавае дзейства, якім нашыя продкі ва ўсе часы суправаджалі пачатак унясення ў глебу насення збажыны, прайшло ў Бабруйскім раёне 26 сакавіка 2024 года. Месцам “Засевак” стала поле паблізу в. Баяры ААТ “Саўгас Кісялевічы”, куды сабраліся прадстаўнікі кіруючага складу раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Сухадольскім, кіраўнікі і працаўнікі сельгасарганізацый, прадстаўнікі духавенства, культуры, службаў раёна – усе, хто ўсведамляе значнасць пасяўной кампаніі, ад каго залежыць вага сёлетняга раённага каравая.
Сонечнае надвор’е, узнёслы настрой людзей, жыццесцвярджальны народны абрад, цудоўнае выкананне засеўных песень артыстамі раённага Цэнтра культуры — усё гэта давала моцны зарад на працу, а разам і спадзеў, што яна прынясе чаканы вынік.
Віншуючы аграрыяў з пачаткам сяўбы, Аляксандр Сухадольскі пажадаў хлебаробам і тым, у чыіх абавязках – арганізацыя і суправаджэнне работ на полі, моцнага здароўя, выдатнага настрою, плённай працы і поспехаў. А разам засяродзіў увагу на аб’ёмах сёлетняй пасяўной кампаніі і тым, наколькі важна правесці яе якасна.
Права ўнесці ў глебу першае насенне збажыны на трактары “Беларус-3522” з пасяўным агрэгатам АКПМ-6 было дадзена аднаму з перадавых механізатараў — Аліхану Кантаеву з “Саўгаса Кісялевічы”.
К.А. Ліснеўская, метадыст метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бабруйскага раёна”
Фота: Віктар Шэйкін