Зажынкі на Краснапольшчыне
21 ліпеня на Краснапольшчыне адбылося свята Зажынкі. Цёплы і ясны ранак, які паспеў высушыць расу на траве і спелых каласаў, прыняў у свае абдымкі тых, хто апынуўся на жніўных палетках аддзялення “Нарыманаўскае” ААТ “Краснапольскае”.
На сапраўднае свята – прыгожае, радаснае, духоўнае, вядомае з даўніх часоў, – сабраліся героі жніва – камбайнеры, падрыхтаваўшыя да работы свае магутныя “караблі палёў”, спецыялісты сельскай гаспадаркі, творчыя асобы і калектывы, госці свята. У ліку шаноўных гасцей – старшыня Краснапольскага райвыканкама А.Л.Трушкін, намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і прамысловасці райвыканкама Р.М.Бязручанка, намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама А.І.Чаюкова.
Са словам да ўдзельнікаў жніва-2020 звярнуўся А.Л.Трушкін, які выказаў упэўненасць, што хлебаробы, кіраўнікі і спецыялісты аддзяленняў ААТ “Краснапольскае” зробяць усё магчымае, каб сабраць ураджай, бо хлеб – важнейшая аснова дабрабыту беларусаў, а добрасумленная праца – гонар і слава як малой радзімы, так і ўсёй Беларусі.
Упрыгожыла свята абрадавая замалёўка зажынання поля жнеямі ў аўтэнтычных краснапольскіх строях. У замалёўку ўвайшлі абрадавыя аўтэнтычныя песні рэпертуара народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”, абрадавыя дзеянні, частаванне поля і інш. Цікаўнасць выклікала паданне “Чаму колас толькі на канцы саломіны”.
З песняй “А ў нашага пана Зажыначкі рана” жнеі ўручылі першы сноп “гаспадару” жніўнага поля А.В.Васіленку, старшыні ААТ “Краснапольскае”, які перадаў сноп на захаванне упраўляючаму аддзялення “Нарыманаўскае” А.А.Канстанцінаву, на палях якога і праходзілі Зажынкі.
Нямала адухоўленых паэтычных радкоў, прысвечаных хлебаробам і іх працоўным рукам, хлебу, працы на зямлі, родным палям і нівам, склала паэтка Краснапольшчыны В.А.Марчанка, кіраўнік народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак”. Яна звярнулася да хлебаробаў са словам і вершам і ўручыла ім выдадзеныя паэтычныя брашуры. Такая адрасная ўвага аказалася вельмі кранальнай для гэтых сціплых, але мужных і адданых сваёй працы людзей.
Успомнілі ў час свята і тое, што тут калісьці ішлі баі, на шырокім на гэтым полі, дзе цяпера звіняць каласы… Таму так зразумелыя і блізкія для хлебаробаў словы:
Арэш і косіш не для славы.
І хоць не маеш грошай шмат,
Зямлі сваёй заўжды адданы,
Як быццам на вайне салдат”.
Узнімалі святочны настрой песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц” Краснапольскага РЦК (кіраўнік ансамбля А.Трафімава).
…І вось над полем раздаўся гул камбайнаў, а ў небе распластаў крылы белы бусел. Якая карціна можа быць прыгажэй і бліжэй для чалавека, улюблёнага ў родную зямлю?!
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”