“Жытніца” і “Ярыца” пацвердзілі званне!
Калектывы прадставілі спецыяльнай камісіі мастацкія праграмы, у якіх былі ўдала спалучаны высокае выканальніцкае майстэрства, сцэнічная культура, абноўлены самабытны рэпертуар і цікавая рэжысура.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні “Ярыца” дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Абласны цэнтр творчасці” г.Магілёва быў створаны ў 1992 годзе. Мастацкі кіраўнік калектыву – педагог вышэйшай катэгорыі, Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Жукава Людміла Анатольеўна. З моманту стварэння ансамбль працуе ў накірунку беларускага народнага вакальнага мастацтва. Творчасць “Ярыцы” прасякнута вялікім жаданнем дарыць людзям прыгажосць і радасць знаёмства з беларускай музычнай культурай. У ансамблі займаюцца навучэнцы ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў. Навучэнцы ансамбля вывучаюць фальклор, абрады і звычаі беларускага народа, а таксама прапагандуюць народныя спевы і танцы для шырокага кола гледачоў. Таксама у складзе ансамбля працуе інструментальная група, якая была створана для запісу прафесійных фанаграм для ўдзелу вакальных груп калектыву ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” пад кіраўніцтвам Ваакс Алены Міхайлаўны на працягу ўсяго свайго існавання захоўвае, адраджае і развівае лепшыя традыцыі беларускага вакальнага і інструментальнага мастацтва, не здраджваючы сваім галоўным прынцыпам: падтрымцы нязменна высокага ўзроўню выканальніцкай культуры, нестандартнаму падыходу да арганізацыі творчага працэсу, правядзенню асветніцкай работы па папулярызацыі беларускага фальклорнага мастацтва. Творчасць ансамбля стала візітнай карткай не толькі Клічаўскага края, але і ўсёй Магілёўскай вобласці. “Жытніца” мае сваё непаўторнае творчае аблічча. Інструментальны склад ансамбля вельмі разнастайны: баян, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, балалайкі, колавая рыля, бубен, барабан, губны гармонік, беларуская дуда, акарыны, многія інструменты зроблены сваімі рукамі. Выкананне старажытных беларускіх песень у аўтарскіх аранжыроўках, з яркай інструментоўкай і шматгалоссем, уключэнне ў рэпертуар ўласных аўтарскіх твораў з’яўляюцца аднымі з галоўных адметных рыс ансамбля. Вынікам такога своеасаблівага творчага эксперыменту з’яўляецца рознапланавы, рознахарактарны, багаты рэпертуар. “Жытніца” з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
Высокай вартасцю прадэманстраваных мастацкіх праграм творчыя калектывы яшчэ раз пераканалі прысутных, што пачэснае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” атрымана імі па праве. Шчыра зычым “Жытніцы” і “Ярыцы” далейшых творчых поспехаў і дасягненняў!
Алёна Беланожка, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”