ЖЫВОЕ ДРЭВА РАМЯСТВА
III раённы конкурс рамёстваў і ДПМ “Жывое дрэва рамяства” адбыўся на Краснапольшчыне.
Яго арганізатар, метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка, лічыць, што конкурс стымулюе выяўленне, вывучэнне, развіццё і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў свайго краю, спрыяе развіццю сучасных відаў ДПМ, абмену вопытам, павышэнню майстэрства аматараў творчасці, прыцягненню да творчасці маладога пакалення, дае магчымасць падняцца на новы ўзровень у творчасці, прадэманстраваць культурныя рэсурсы малой радзімы.
Конкурс “Жывое дрэва рамяства” сапраўды знайшоў сваё месца ў сістэме метадычнай работы па актывізацыі дзейнасці клубных устаноў і насельніцтва ў развіцці рамёстваў і ДПМ, пацвярдзіў яго неабходнасць і запатрабаванасць.
У конкурсе ўдзельнічалі персанальныя ўмельцы-аматары, кіраўнікі клубных фарміраванняў, калектывы ўстаноў раёна і клубныя фарміраванні клубных устаноў.
У 2021 годзе на конкурс паступіла 23 заяўкі і было прадстаўлена больш за 100 дэкаратыўных вырабаў.
Сярод удзельнікаў – 7 клубных фарміраванняў клубных устаноў раёна. Усяго ў 9 клубных установах ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” у 2021 годзе дзейнічае 8 клубных фарміраванняў па ДПМ, у якіх займаецца 51 чалавек, усе яны – дзеці і падлеткі. І гэта вельмі добра, бо такім чынам захоўваецца пераемнасць пакаленняў, не перарываецца жывая нітка традыцый.
Трэба адзначыць узросшую якасць майстэрства кіраўнікоў клубных фарміраванняў па ДПМ Ленінскага, Яноўскага, Тур’яўскога СДК. Вынікі сваіх клубных фарміраванняў гэтыя ўстановы дэманструюць праз выстаўкі і майстар-класы, праз удзел у раённых мерапрыемствах.
Штогод якасныя работы на раённы конкурс прадстаўляюць члены гуртка “Саломка” Краснапольскага РДР.
Здзіўляюць работы канкурсантаў і іншых устаноў раёна, асабліва Краснапольскага РЦСАН і яго аддзяленняў: для наведвання пажылых людзей і інвалідаў.
Конкурсныя работы, прадстаўленыя на III раённы конкурс 2021 года, былі выкананы ў розных тэхніках і з прымяненнем розных матэрыялаў: дэкаратыўныя вырабы і прадметы быту ў тэхніцы лазапляценне і пляцення з газетнай лазы, сувеніры ў тэхніцы саломапляцення, тэкстыльныя лялькі ў народнай традыцыі, кветкі з фоамірана і стужак, сувеніры – з нітак, тэкстылю, з прыроднага матэрыялу, упрыгожванні са скуры і меха, вышыўка атласнымі стужкамі, пано, выкананыя з талашу (абгорткі кукурузных катахоў), арганайзэры з тэкстылю, прадметы быту, упрыгожаныя ў тэхніцы дэкупаж і інш.
Што і казаць, краснапольскія ўмельцы арыентуюцца на сучасныя ўмовы жыцця, таму лёгка спрабуюць сябе ў засваенні новых матэрыялаў і тэхналогій, змяняюць прызначэнне прадметаў.
Многія работы выглядалі эстэтычна і дэкаратыўна, па свайму прызначэнню яны ў большай ступені мелі сувенірны характар, але былі прадстаўлены і работы ўтылітарнага (практычнага) прызначэння, напрыклад, арганайзэры, кошыкі, фруктоўніцы, хлебніцы, куханныя раздзелачныя дошкі і інш.
Журы ацаніла работы ў розных намінацыях у адпаведнасці з палажэннем аб конкурсе. Дыпломы пераможцам уручыў дырэктар ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” Ю. П. Падалякін.
У намінацыі “Захаванне традыцыйнасці рамяства” адзначаны: дыпломамі I ступені - Каплунова В. Р., член гуртка “Саломка” Краснапольскага РДР, Кандраценка А. У., кіраўнік аматарскага аб’яднання Ленінскага СДК, Яфімчык Т. В., кіраўнік аматарскага аб’яднання Тур’яўскога СДК, гурток “Чараўніцы” Яноўскага СДК; дыпломам II ступені – аматарскае аб’яднанне “Дамавёнак” Тур’яўскога СДК.
У намінацыі “Якасць і майстэрства” адзначаны: дыпломамі I ступені – аддзяленне інвалідаў Краснапольскага РЦСАН, Кандраценка А. У., кіраўнік аматарскага аб’яднання Ленінскага СДК; дыпломам II ступені – гурток “Рукадзельніца” Пачапоўскага СДК.
У намінацыі “Навізна і арыгінальнасць” адзначаны: дыпломамі I ступені – аддзяленне дзённага наведвання для пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН і аматарскае аб’яднанне “Фантазія” Ленінскага СДК, дыпломам II ступені – аматарскае аб’яднанне “Радужны мір” Сідараўскага СДК.
У намінацыі “Аўтарская распрацоўка” дыплом I ступені атрымала Крапіўніцкая Л. В., кіраўнік гуртка “Чараўніцы” Яноўскага СДК.
Вынікі конкурсу былі падведзены 28 студзеня пад час адкрыцця раённай выстаўкі ў фае Краснапольскага РЦК. На выстаўку трапілі лепшыя конкурсныя работы.
Пазнаёміцца з дэкаратыўнымі творамі таленавітых краснапольскіх умельцаў можна да 11 лютага, бо менавіта да гэтага часу выстаўка “Жывое дрэва рамяства” будзе адкрыта для наведвальнікаў, якія могуць палюбавацца творамі, выбраць сувенір па душы і нават зрабіць заказ майстру на яго вырабленне.
Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы. Для работнікаў клубных устаноў была падрыхтавана раздатачная метадычная літаратура, падрыхтаваная метадыстам Марчанка В. А.: ілюстраваная брашура з матэрыяламі конкурсу “Жывое дрэва рамяства” і лістоўка з метадычнымі рэкамендацыямі “Патрабаванні да афармлення выставак”.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва валодае вялікай сілай уздзеяння на чалавека, мае прыналежнасць да нацыянальных каранёў, з’яўляецца асноўнай базай, крыніцай нацыянальнай культуры, связуючай ніткай усіх відаў мастацкай дзейнасці чалавека, нясе вялікі зарад і валодае вялікімі выхаваўчымі магчымасцямі.
Наведвальнікам выстаўкі быў прадэманстраваны відэафільм пра таленавітага майстра Магілёўшчыны Наталлю Вітольдаўну Дамінікаву, прыклад якой упэўнівае, што няма мяжы творчасці і дасканаласці майстэрства. Да творчасці і дасканаласці і трэба імкнуцца, каб свет напаўняўся прыгажосцю і дабрынёй.
Валянціна Марчанка, метадыст 1 катэгорыі РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”