ЖЫВОЕ ДРЭВА РАМЯСТВА
Шануем, як было здаўна,
Жывое дрэва рамяства...
У пяты раз адбыўся на Краснапольшчыне раённы конкурс рамёстваў і ДПМ “Жывое дрэва рамяства”, які штогод ладзіць Краснапольскі раённы Цэнтр культуры.
Традыцыйна лепшыя работы канкурсантаў трапляюць на выстаўкі, якія працуюць каля тыдня ў Краснапольскім РЦК, і іх могуць наведваць аматары творчасці і проста зацікаўленыя асобы. І заўсёды гэтыя выстаўкі выклікаюць шмат эмоцый.
Вось і ў гэтым годзе конкурс і выстаўка “Жывое дрэва рамяства” для адных стала прадметам гонару, для другіх – адкрыццём, або выклікала здзіўленне і ўдзячнасць творцам, стваральнікам, іх працавітым рукам.
Работ у гэтым годзе на конкурс трапіла менш, чым у мінулыя гады (42 работы), але якасць работ, іх навізна і арыгінальнасць выклікала вялікае задавальненне ад прыгажосці, фантазіі ўдзельнікаў і дасканалага майстэрства.
Работы з тэкстылю, бумажнай лазы, нітак, бумагі, фоамірану з прымяненнем розных тэхнік можна было ўбачыць на выстаўцы.
Адкрыццё выстаўкі, падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджванне пераможцаў адбылося 18 мая ў Краснапольскім РЦК.
Пераможцамі ў намінацыі “Якасць і майстэрства” сталі Васількова Л. У., Яфімчык Т. В., Кандраценка А. В. (клубныя работнікі Горскага, Яноўскага, Ленінскага СДК, якія дасканала валодаюць сакрэтамі і майстэрствам пляцення з бумажнай лазы і сябруюць з тэкстылем), Шамянкова С. М., жыхарка аграгарадка Леніна, захопленая работай з фоаміранам, клубнае фарміраванне Горскага СДК “Іскусніца” і клубнае фарміраванне Яноўскага СДК “Фантазія”. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі I ступені.
Пераможцамі ў намінацыі “Арыгінальнасць і навізна” сталі Крапіўніцкая Л. В. (клубны работнік Яноўскага СДК) за створаныя ёй вобразы лялек-прыгажунь, вырабленых з талашу (кукурузных лістоў), і аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і забеспячэння дзённага наведвання для грамадзян пажылога ўзросту ўстановы “Краснапольскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, якія прадставілі прыгожыя і ўнікальныя кампазіцыі прыроднай тэматыкі, абярэгі на аснове тэкстылю. Пераможцы гэтай намінацыі таксама ўзнагароджаны дыпломамі I ступені.
Дыпломам I ступені ў намінацыі “Традыцыйныя рамёствы” узнагароджана Паплыка Н. Р., клубны работнік Пачапоўскага СДК, якая пачала актыўна засвойваць сакрэты ткацтва і прадставіла на конкурс свае саматканыя вырабы.
Дыпломам II ступені ў намінацыі “Аўтарская работа” узнагароджана Л. У. Васількова за серыю аўтарскіх тэкстыльных лялек, якімі захапляецца сама і далучае да гэтага сваіх навучэнцаў – членаў аб’яднання “Іскусніца” Горскага СДК.
“Падобныя конкурсы – магчымасць самарэалізацыі аматараў творчасці, засваення новых тэхнік і матэрыялаў рукатворнага мастацтва, яны стымулююць да творчасці і спрыяюць абмену вопытам. Конкурсы і выстаўкі “Калядны цуд”, “Жывое дрэва рамяства”, якія сталі пастаяннымі для краснапальчан, даюць магчымасць даведацца пра ўмельства продкаў, пра ўнікальную спадчыну роднай зямлі, якую краснапольскія ўмельцы шануюць, захоўваюць і перадаюць нашчадкам”, – лічыць арганізатар конкурсаў метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка.
Народная творчасць, народныя рамёствы – частка нашай традыцыйнай культура, гэта наша гісторыя, яна павінна быць у памяці пакаленняў і ў сэрцы кожнага з нас. Далучайцеся да народнай творчасці.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”