Зноў святочная Александрыя сабрала сяброў!
Восьмы год запар на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей, у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, на маляўнічым беразе Дняпра, раскінулася шырокае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).
Свята прайшло 7-8 ліпеня, у гэтым годзе ў мерапрыемстве прынялі ўдзел майстры і творчыя калектывы з 6 краін: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Расіі, Украіны, а таксама з усіх рэгіёнаў нашай рэспублікі.
Як і заўсёды, асновай фестываля стала народная творчасць, якая была прадстаўлена ва ўсім багацці, шматкаляровасці, шырыні народнай душы.
Арганізатарамі творчых пляцовак «Купальскія дзівосы» выступілі УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы», клубные установы і майстры Магілёўскай вобласці.
На імправізаваных вуліцах гэтай жывой, дынамічнай, вясёлай пляцоўцы можна было сустрэць амаль што ўсе віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А тое, што вельмі спадабалася, можна было набыць на памяць.
На вуліцы «Беларуская» сваю творчаць прадстаўлялі рэгіёны Беларусі. Вельмі цікава было паглядзець і пазнаёміцца з рэгіянальнымі фестывалямі, патанчыць і паспяваць пад заўзятыя, дынамічныя мелодыі. Вуліца «Міжнародная» – рознакаляровая, яскравая, шумная – паказала каларыт нашых суседзяў, гасцей фестываля. Тут былі гульні, якія захаплялі с першых хвілін. Напрыклад, украінскія хлопцы па-майстэрску ўпраўляліся з хлыстом, адсякаючы толькі вярхушкі ў кветак. Гэта было і весела, і страшна адначасова!
На вуліцы «Сарочынскі кірмаш» размясціліся майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Украіны, тут ладзілася выстава-продаж вырабаў, праводзіліся майстар-класы. Трэба сказаць, што ў межах свята праводзіліся Дні культуры Украіны, таму украінская шматграннасць была паказана вельмі багата.
«Прыдняпроўская вуліца» выглядала не менш цікава, тут былі прадстаўлены брэнды Магілёўшчыны: рэгіянальныя святы «Свята Лялькі» Круглянскага раёна; «Макавей» – Слаўгарадскага; «У госці да Радзімічаў» Чавускага раёна; «Дрыбінскія таржкі» – Дрыбінскага; Шклоўскі раён прадставіў «Свята агурка»; Кіраўскі – «Сенафэст»; Клічаўскі – «Астравы Дулебы»; «Рыцарскі фэст» прадставіў Мсціслаўскі раён.
Як жа ж было абысціся без сімвала купальскага свята – вянка. Майстрыхі плялі вянкі з жывых кветак і каласоў, а дзяўчынкі і нават некаторыя хлопцы ўпрыгожвалі сваю галаву гэтым духмяным сімвалам Купалля.
Не давалі сумаваць мабільныя групы, якія спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах непасрэдна на хаду, усяляк весялілі кожнага, каго сустракалі на сваім шляху, захаплялі ўсіх у карагоды і танцы.
На творчых пляцоўках адбыліся канцэрты з узделам замежных калектываў і калектываў Рэспублікі Беларусь. Яны падаравалі сваю творчасць і добры настрой усім жадаючым, а іх было нямала!
Таксама былі падведзены вынікі абласнога конкурса на лепшую творчую работу «Мая малая радзіма». Творчыя работы конкурсу былі прадстаўлены асобнай тэматычнай экспазіцыяй, якую наведаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Паўлавіч Бондар.
Дыпломам Гран Пры ўзнагароджана Верменіч Алена Дзмітрыеўна, майстар па ласкутнай тэхніцы, г.Магілёў; дыпломам І ступені ў намінацыі «Дробная сувенірная прадукцыя пра родны край» узнагароджана узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва «Радуга» раённага Дома рамёстваў ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна». У намінацыі творчая работа «Мая малая радзіма» (кампазіцыя) дыплом І ступені атрымалі Дрыбінскі раённы Дом рамёстваў вёскі Кароўчына ДУК «Дрыбінская цэнтралізаваная клубная сістэма» і Яшчанка Любоў Міхайлаўна ўдзельніца народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Добрасць» раённага Цэнтра культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна»; у намінацыі «Лепшы сувенір пра малую радзіму» – Северцава Таццяна Уладзіміраўна з ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкi», Чараповіч Таццяна Міхайлаўна супрацоўніца ДУК «Дрыбінскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей»; у намінацыі творчая работа «Мая малая радзіма» (пано) дыплом І ступені ў Жэлабкевіч Юліі Ігараўны, Кухціной Ірыны Генадзьеўны, Аскаленка Марыны Аляксандраўны – ДУА «Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава» і Сцепаньковай Галіны Анатольеўны – ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў г. Горкi».
Святочнае адкрыццё свята было вельмі маштабным і відовішчным: у ім прынялі ўдзел каля 800 артыстаў, якія падаравалі ўсім прысутным добры настрой і пачуццё гонару за сваю краіну. Пасля адкрыцця адбыўся конкурс купальскага касцюма і роставых купальскіх фігур «Купаліш і Купалінка». У ім прынялі ўдзел творчыя дэлегацыі з рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.
Вячэрнюю праграму, гала-канцэрт «Малая радзіма», адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У сваёй прамове ён павіншаваў гасцей са святам Купалля, сказаў: «З вялікім хваляваннем, пачуццём радасці і гордасці я прыязджаю сюды, на сваю малую радзіму. Для мяне гэты край заўсёды будзе асаблівым, але такім жа важным і дарагім сэрцу, як любы іншы куток маёй Беларусі, дзіўнай, прыгожай, з добрым, працавітым, гасцінным, цярплівым народам».
Пасля канцэрта неба над Александрыей упрыгожыў маляўнічы, захапляльны феерверк.
Свята Купалле («Александрыя збірае сяброў») аб’ядноўвае культуры розных краін, развівае народную творчасць ва ўсіх яе кірунках, адчыняе сэрцы людзей насустрач міру і ўзаемаразуменню!
Ганна Тузянкова, вядучы рэдактар УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КПР»