14 чэрвеня ў г.Касцюковічы пройдзе VIII рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”

14 чэрвеня 2025 года ў г. Касцюковічы пройдзе VIII рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”.
Фестываль праводзіцца з мэтай духоўна-маральнага і эстэтычнага выхавання; развіцця і папулярызацыі традыцыі аматарскай мастацкай творчасці; павышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў фестывалю, цікавасці да мастацкага слова.
Фестываль праводзіцца адзін раз на два гады і ўдзел у ім бяруць творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы Касцюковіцкага раёна і іншыя рэгіёны.
У праграме фестывалю:
- конкурс аўтарскай песні “На струнах сэрца – 2025”;
- паэтычныя чытанні, творчая сустрэча з членамі саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі “У родным слове цэлы свет”;
- паэтычны вернісаж “Малюю мілую радзіму малую”;
- работа тэматычных пляцовак “80 гадоў Перамогі”, “Сучаснасць”;
- выставы-прэзентацыі “Літаратурнае падарожжа па старонках пісьменства роднага краю”;
- выставачныя экспазіцыі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Натхненне душы”;
- музейная выстаўка “Гістарычны летапіс Касцюкоўшчыны”;
- алея кніг пісьменнікаў і паэтаў Касцюкоўшчыны “Час чытаць”, прэзентацыя кніг прадстаўленых на алеі;
- цырымонія ўскладання кветак да памятнага знака, літаратурна-музычная кампазіцыя “Будзьма, людзі, шчаслівыя ўсе”, пасадка алеі “Касцюкоўшчына літаратурная”, канцэртная праграма “Радзімы край” творчых калектываў Суражскага і Касцюковіцкага раёнаў на гісторыка-культурным аб’екце “Пісьмянкоў луг” в. Бялынкавічы;
- урачыстае адкрыццё VIII рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”;
- вечар паэзіі і музыкі, узнагароджанне пераможцаў конкурсаў паэзіі і аўтарскай песні, выставак майстроў ДПМ, бібліятэчных выставак-прэзентацый, выступленне ганаровых гасцей і пераможцаў конкурсаў.
- вячэрняя канцэртная праграма творчых калектываў вобласці “Нота натхнення”.