1 кастрычніка на Краснапольшчыне былі падведзены вынікі конкурсу “Краснапольшчына ў сэрцы маім”
Любоў да малой радзімы міжволі прымушае людзей шукаць сродкі выказвання гэтага святога пачуцця. І могуць быць гэтыя сродкі самыя розныя. Раённы літаратурны конкурс аматарскай творчасці “Краснапольшчына ў сэрцы маім” дае магчымасць выказаць свае пачуцці праз мастацкае слова.
Ініцыяваны народным аматарскім паэтычным аб’яднаннем “Світанак” Краснапольскага РЦК і падтрыманы Краснапольскім раённым выканаўчым камітэтам конкурс стаў ужо традыцыйнай культурнай з’явай у Краснапольскім раёне і ў гэтым годзе адбыўся ў трэці раз.
Конкурс “Краснапольшчына ў сэрцы маім” накіраваны на памнажэнне культурна-гістарычнай спадчыны, выяўленне новых імёнаў аматараў літаратурнай творчасці, на ўздым духоўнасці і патрыятычных пачуццяў, з’яўленне новых твораў пра Краснапольшчыну – нашу малую радзіму.
У гэтым годзе на конкурс паступіла 13 конкурсных работ ад аматараў мастацкага слова, людзей улюблёных у родны куточак.
Што хвалюе аўтараў? Якія каштоўнасці сваёй малой радзімы яны апявалі? Якія тэмы раскрывалі?
Сярод работ ёсць тыя, што прысвечаны тэме вайны, мужнасці нашага народа, салдацкаму подзвігу. Яно і зразумела, старонкі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не будуць забытыя, бо свяшчэнная Памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне ў нашай краіне і ў кожнай сям’і. Гэта памяць павінна заставацца жывой, неўміручай. Гэта думка сцвярджаецца ў радках Валянціны Марчанка.
Палымяныя кветкі зноў кладзём на граніт,
Каб адчулі і дзеткі – подзвіг твой не забыт.
Хай матулі не плачуць, хай дачушкі, сыны
Неба мірнае бачаць,сняць шчаслівыя сны.
Неўміручасць гэтай памяці пацвярдзіў і ўдзел у конкурсе вучня 8 класа УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” Казлова Івана. Яго конкурсныя работы – сачыненні “Мае прадзеды – мой гонар” і “Мой прадзед”, у якіх хлопчык распавядае пра ўдзел сваіх продкаў Кавальковых (Рыгора, Уладзіміра, Івана) у апошняй вайне. Звесткі пра іх дайшлі да Івана з расказаў маці, бабулі, з сямейнага архіва і краязнаўчай літаратуры. Хлопчык лічыць, што лепшай узнагародай прадзедам будзе захаваная аб іх памяць. Разам з роднымі ён наведвае могілкі ў вёсцы Лютня і працягвае пісаць сямейны летапіс.
Усхвалявана і з гонарам распавядае пра подзвіг салдата ў вайне і Галіна Каваленка. Яна выказвае словы ўдзячнасці і пакланення салдату Айчыны.
Салдацкім цвёрдым, смелым шагам
Прайшоў ён шлях свой баявы.
І ўзвіўся сцяг чырвоны над Рэйхстагам –
Сцяг перамогі, мужнасці, крыві.
Паклон табе, салдат Айчыны,
За поле, дзе жніво звініць,
За золак, што ўстае над роднай хатай,
За Беларусь, дзе нам спакойна жыць.
Спакойнае і мірнае жыццё на малой радзіме, прыгажосць яе прыроды, працавітыя землякі, культурныя каштоўнасці – усё гэта стала яшчэ адной тэмай твораў канкурсантаў.
Усе яны лічаць, што прыгажэй і даражэй роднай зямлі няма, аб чым з любоўю і сцвярджаюць.
Буслы, ляціце у блакіт нябёс,
Ад крылаў белых свет здаецца раем.
Куды б далёка не закінуў лёс,
А прыгажэй сваёй зямлі не знаем. (Галіна Каваленка).
Довелось побывать мне в России,
И за морем не раз я была,
Но роднее земли и красивей
Почему-то найти не смогла. (Елена Козлова).
Земля моя, сторонушка родная,
Край зелени и золотых полей,
Я по тебе скучаю, уезжая,
Пускай не насовсем, на пару дней. (Сергей Сыранков).
Васількі усміхаюцца ў жыце,
Я шапчу:”Ты мяне выбачай,
Не ўмясціць у маленькае сэрца
Ўсю любоў да цябе, родны край”. (Валянціна Марчанка).
Малая радзіма. Здаецца, на ёй у паветры разліта асаблівая энэргія. Яна ўліваецца ў цябе, дае адчуванне сілы і абароненасці. Тут растуць знаёмыя з дзяцінства травы, мычаць каровы, пахне цёплым сырадоем, з дня ў дзень спяваюць цвіркуны. І ўсё гэта жывое, блізкае, не экраннае…
Натхнёныя малой радзімай аўтары знайшлі нямала маляўнічых паэтычных вобразаў. У іх вершах можна пачуць, як “шапочацца жыты”, “клякочуць буслы”, пачуць “дятлаву марзянку”, пабачыць, як “васількі усміхаюцца ў жыце”, як “курганы сівыя дрэмляць тут, даўнія ўспаміны берагуць” і інш.
Можна ўпэўнена сказаць, што аматарамі мастацкага слова намаляваны добры партрэт Краснапольшчыны, якая займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага і якую яны з цеплынёй завуць сваёй любоўю, бацькоўскім краем.
Вынікі конкурсу былі падведзены 1 кастрычніка ў час правядзення мітынга, прысвечанага дню вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дыпломы пераможцам конкурсу ўручыў старшыня Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта А. Л. Трушкін.
Пераможцамі сталі Д.У.Кустаў, педагог-арганізатар УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” (дыплом III ступені), Г. М. Каваленка, член народнага аб’яднання “Світанак” (дыплом II ступені), В. А. Марчанка, кіраўнік народнага аб’яднання “Світанак” (дыплом I ступені). Пераможца конкурсу Валянціна Марчанка выканала на свяце сваю аўтарскую песню “Краснаполле – радзіма мая”.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”