4 студзеня на аграсядзібе “Ёлкі-палкі” народны фальклорны калектыў “Багатуха” Быхаўскага раённага цэнтра культуры сустракаў дэлегацыю з Расіі
Аграсядзіба “Ёлкі-палкі” размешчана ў невялікай вёсачцы Вараніно, у адным з маляўнічых месцаў нашага раёна. Высокі ўзровень гасціннасці гаспадароў адчуваецца ва ўсім. Да кожнага госця свой падыход.
Беларускі народ – гасцінны і сардэчны. Госцю, асабліва шаноўнаму, давалі за сталом самае пачэснае месца – на покуці. На стале былі самыя лепшыя стравы і прысмакі. Нават калі частаваць было нечым, неслі ўсё, што было. Гаспадар сядзібы абавязкова пачастуе вас сваёй унікальнай наліўкай, прыгатаванай па асабістаму рацэпту, а таксама “Хранавухай” і смачным напоем пад назвай “Клюкаўка”.
Добра сустракалі гасцей з Расіі на аграсядзібе “Ёлкі-палкі”. Пакуль госці частаваліся смачнымі стравамі, удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Багатуха” спявалі для іх народныя беларускія песні. Расіяне прымалі ўдзел у гульнях “Слуцкія паясы”, “Лапцікі”, “Падушачка”, “Лявоніха па-беларуску”. Для іх правялі аўкцыён на веданне страў з бульбы. У якасці падарункаў госці атрымалі абярэгавыя лялькі, зробленыя ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “Нашы рукі – не для скукі” Быхаўскага РЦК.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”