Каляда на дубе: як захаванне традыцый ажыўляе вёску

У наш час, калі многія вёскі пакутуюць ад аттоку насельніцтва, асабліва важна звярнуць увагу на тое, што можа вярнуць жыццё ў сельскую мясцовасць. Адным з такіх магутных інструментаў з’яўляецца захаванне і адраджэнне народных абрадаў. Яны не толькі з’яўляюцца часткай нашай культурнай спадчыны, але і здольныя запаліць цікавасць да сваіх каранёў, спрыяць згрунтаванню мясцовай супольнасці, і, як вынік, зрабіць вёску больш прывабнай да жыцця.


Свежым прыкладам таго, як традыцыі могуць ажывіць вёску, стала падзея ў аграгарадку Коўбча Клічаўскага раёна 21 студзеня. Там быў адноўлены ў мінулым годзе старажытны абрад “цягнуць каляду на дуб”. Гэты абрад раней шырока бытаваў у гэтай мясцовасці, і яго адраджэнне стала магчымым дзякуючы шчырай зацікаўленасці людзей і падтрымцы мясцовай улады. Рыхтаваліся да провадаў каляд творчыя работнікі Каўбчанскага сельскага клуба. Дапамагалі ў гэтай справе этнаграфічнае аб’яднанне “Вераценца” і творчы калектыў раённага Дома культуры – людзі, якія традыцыйна адраджаюць абрады і традыцыі і ў іншых населеных пунктах.


Хочацца адмеціць чалавека неабыякавага да жыцця сваёй вёскі гэта старшыня Каўбчанскага сельвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Рамановіч, які заўсёды падтрымлівае мясцовых жыхароў ва ўсіх пытаннях. Ён таксама актыўна дапамог у падрыхтоўцы і правядзенні абраду. Яго ўдзел падкрэслівае важнасць, якую мясцовая ўлада надае захаванню культурных традыцый.


Абрад прайшоў так, як і ў ранейшыя часы, аднаўляючы атмасферу мінулага. Была выкуплена хата для гулянкі, упрыгожана барана, намаляваны конь на дзвярах крэйдай – сімвал таго, што каляда вернецца і ў наступным годзе. Цягнулі на вуліцы на санках “бабку” з куццёй, суправаджаючы шэсце песнямі і танцамі, спяваючы калядныя песні з традыцыйнымі словамі: “Ай, калядачкі, а на дуб, на дуб…”. Пасля гэтага ў сельскім клубе працягнуліся ўрачыстасці з выкананнем мясцовых песень і традыцыйных танцаў. Гэты прыклад паказвае, што адраджэнне народных абрадаў – гэта не проста забава ці гістарычная рэканструкцыя. Гэта моцны механізм, які можа захаваць жыццё ў вёсцы.


Ажыўленыя традыцыямі вёскі становяцца больш прывабнымі для жыцця. Людзі адчуваюць сувязь з месцам, дзе яны жывуць, і з тымі, хто жыве побач. Калі ў вёсцы ёсць штосьці цікавае, што аб’ядноўвае людзей і дае ім пачуццё сваёй прыналежнасці, то шанцы на тое, што моладзь застанецца ці нават вернецца, значна ўзрастаюць. Калі людзі бачаць, што іх абрады жывуць, яны пачынаюць цікавіцца імі больш глыбока. Гэта можа прывесці да вывучэння гісторыі сям’і, роду, вёскі, што ў сваю чаргу ўмацоўвае нацыянальную і культурную ідэнтычнасць. Аднаўленне такіх традыцый робіць жыццё ў вёсцы больш насычаным, цікавым і адметным ад гарадскога.


Абрад “цягнуць каляду на дуб” у Коўбчы – гэта не проста падзея, а сімвал таго, што традыцыі могуць стаць жывым пульсам вёскі. Калі такія ініцыятывы будуць падтрымлівацца, калі людзі будуць бачыць у іх не толькі мінулае, але і будучыню, то вёскі змогуць не толькі захаваць сваё насельніцтва, але і адрадзіцца, напоўніўшыся новым жыццём, заснаваным на глыбокай павазе да сваіх каранёў. Гэта шлях да моцных, жывых і прывабных для жыцця вёсак, дзе кожны адчувае сябе часткай вялікай і багатай гісторыі.
Ж.Я.Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”