Працаўнікі Краснапольскага раёна далучыліся да абраду Дзясятуха
26 чэрвеня творчыя сілы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” далучыліся да абраду Дзясятуха, які штогод ладзіцца яго носьбітамі каля святой крыніцы за вёскай Горы Краснапольскага раёна. Культработнікі насыцілі гэты святочны для мясцовага насельніцтва дзень сучаснымі культурнымі дзеямі.
Але галоўнай і нязменнай дзеяй гэтага дня на працягу многіх стагоддзяў з’яўляюцца набажэнствы каля вады і асвячэнне вады ў крыніцы святаром. Не выключэннем стаў і гэты дзень. Гэта дзесятая пятніца пасля Пасхі. Менавіта так вызначаецца дзень Дзясятухі.
Тут веру праваслаўную прыняў калісь народ,
Хрысціўся, бы народжаны, ў святле крынічных вод.
У пятніцу дзесятую ад Пасхі гэты дзень
Адбыўся і святкуецца, як і раней, цяпер.
Сышлі гады язычнікаў і капішчаў сляды,
Ды зноў мы сустракаемся маліцца ля вады.
Якая далеч даўняя за гэтым днём стаіць…
Дзясятуха нязгасная жыве і будзе жыць.
Як і звычайна ў гэты дзень з самай раніцы ў прыгожы куток прыроды – заказнік “Ясеневы гай” пацягнуліся вернікі, носьбіты абраду і проста зацікаўленыя і госці: рэдка хто не ведае ў раёне пра гэту ўнікальную аўтэнтычную з’яву. Вось і выхаванцы дзіцячага летняга лагера, які раскінуў сваю базу каля возера Палужскае, што па другі бок вёскі Горы, разам з настаўнікам патрапілі на свята, каб далучыцца да таямніц роднага краю. Дзятва аказалася з Казельскай школы і ўпершыню на ўласныя вочы ўбачыла святочнае набажэнства і вадасвяцце, якое здзейсніў святар Мікалай Ляшкевіч з храма Прысвятой Багародзіцы г. п.Краснаполле.
Вернікі маглі набыць усё неабходнае ў царкоўнай лаўцы: свечы, іконкі, нацельныя крыжыкі, царкоўную літаратуру і інш.
Трэба адзначыць, што сітуацыя з каранавірусам унесла свае папраўкі, – удзельнікаў і наведвальнікаў аказалася не так многа, як заўсёды. Аднак тыя, што далучыліся да свята, не пашкадавалі. Пад шатамі стромкіх ясеняў і клёнаў у гэты дзень гучалі звонкія галасы творчых калектываў: Краснапольскага РЦК (народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц”), Горскага СДК (народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”). Раённы дом рамёстваў прапанаваў свае вырабы на выставу і для продажу. Прываблівалі цікаўных і “коды” аўтэнтычных ручнікоў, пра якія вяла аповед метадыст па традыцыйнай культуры РЦК. А з паэтычных твораў народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак”, якія гучалі з вуснаў аўтараў, можна было шмат чаго даведацца пра гэты прыгожы кут з яго культавымі, культурнымі, гістарычнымі таямніцамі, якія нельга губляць.
Ідуць вякі, змяняюць твар планеты –
Мы не губляем родных таямніц.
Няхай у космас зноў ляцяць ракеты,
А мы ідзём з малітвай да крыніц.
Свята наведаў старшыня Краснапольскага райвыканкама А. Л. Трушкін, які ў звароце да прысутных падзякаваў за ўвагу да сваёй спадчыны, за захаванне ўнікальнага аўтэнтычнага абраду, бо гэта так важна – не губляць сваю самабытнасць і каштоўнейшыя здабыткі продкаў – мудрых і таленавітых.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”