РОДНАЙ ВЁСЦЫ ПРЫНОСІМ ПАКЛОН

Як буслы, што пакінулі вырай,
На радзіме будуюць жытло,
Так і людзі – яднаны з радзімай.
Вось прыйшлі да яе, даняло!
Даняло, і душа не сцярпела,
Цераз вёрсты, палі і гады
Да бацькоўскае хаты ляцела –
Адшукаць у былое сляды.
І паклон роднай вёсцы, і любоў да яе, і смутак ад растання з ёй, радасць сустрэчы з землякамі і роднымі мясцінамі, сяброўскія абдымкі і ўспаміны, успаміны. Такімі дзеяннямі і пачуццямі былых жыхароў вёскі Мхінічы Краснапольскага раёна была напоўнена іх сустрэча 2 мая ў родным кутку з параненым лёсам.
Вёска Мхінічы. Першае ўпамінанне аб ёй датуецца 1563 годам. Гэта ў ёй у 1897 годзе нарадзіўся будучы драматург Васіль Шашалевіч, які разам з братам Андрэем (вядомы пісьменнік Андрэй Мрый) і сёстрамі Настассяй і Аксінняй стварылі першы ў Краснапольскім раёне драматычны тэатр. Вёска Мхінічы – гэта радзіма і Героя Савецкага Саюза Анатоля Іванавіча Банкузава.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 99 вяскоўцаў з вёскі Мхінічы змагаліся на фронце, 64 з іх загінулі. Шмат таямніц і цікавых старонак захоўвае гісторыя вёскі і далёкіх часоў, і не так далёкіх.
На жаль, вёскі Мхінічы ўжо няма на карце і ў жыцці. Сорак гадоў маўклівасці і цішыні. Вуліцы паспелі зарасці вялікімі дрэвамі і кустоўем. У былых жыхароў, раскіданых лёсам па Беларусі і Расіі, выраслі дзеці і ўнукі.
Але ўлюбёныя ў родную вёску душы людзей не здолелі болей маўчаць, і гэта любоў увасобілася ў дзеянне па ўвекавечванню памяці вёскі – устанаўленню на яе месцы памятнага знака. Каб ведалі, каб помнілі.

73 жыхары былой вёскі Мхінічы і 3 чалавекі з суседняй вёскі сабралі 9750 рублей для рэалізацыі сваёй задумы. Ініцыятарамі і арганізатарамі гэтага праекта сталі Ала Сянькова і Святлана Бернадцкая, якія наладзілі сувязь сваіх аднавяскоўцаў праз сацыяльную сець і групу ў ёй. Актыўную дапамогу і падтрымку аказала старшыня Мхініцкага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Шапавалава.
Успамінамі на сустрэчы дзяліліся старэйшыя жыхары вёскі Лідзія Серакова і Валянціна Данілава, былы настаўнік Мхініцкай школы Мікалай Гарбачоў, былыя яе вучні Шарахоўская і Людміла Каратцова.
“Усе мае сны – пра Краснапольшчыну”, – прызнаўся Мікалай Гарбачоў.

Настальгічныя ўспаміны. Яны непагасныя і цёплыя. І яны патрэбны і старэйшаму, і маладому пакаленню. А маладых людзей прысутнічала нямала – жывая яна, сувязь пакаленняў. І ўстанаўленне памятнага знака – яшчэ адзін унёсак у гэты ланцужок пераемнасці памяці.
Актывісты праекта адзначылі, што наперадзе ў іх шмат новых ініцыятыў – і па агароджы грамадзянскага пахавання, і па будаўніцтву пляцоўкі для адпачынку і будучых сустрэч гэтых людзей, аб’яднаных памяццю, гісторыяй і параненым лёсам.

У правядзенні сустрэчы актыўны ўдзел прынялі работнікі культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна: народны ансамбль народнай песні “Спадчына” пад кіраўніцтвам Людмілы Каратцовай філіяла Пачапоўскі СДК, салістка РЦК Таццяна Шандабыла, якая разам з Юрыем Падалякіным вяла праграму сустрэчы, аўтарам якой стала Валянціна Марчанка, паэтка Краснапольшчыны, кіраўнік народнага літаратурнага калектыву “Світанак”, за работу гукаўзмацняльнай апаратуры адказваў Аляксей Храмко.

Ансамбль “Спадчына” падарыў сабраўшымся канцэртную праграму, якая ўключала песенныя творы на тэму сустрэчы, творы для ўздыму настрою. Асабліва былі ўспрыняты “вясковыя” песні, знаёмыя многім былым жыхарам, якія падхапілі гэтыя родныя, свае песні і спявалі разам, саграваючы свае душы цяплом роднай зямлі і памяці.
Знакам памяці і пакланення ўсім пакаленням вёскі сталі і ўскладзеныя да знака кветкі і запаленыя агенчыкі свячэй.
Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”