Таленавітая Бабруйшчына завітала да фестываля народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”
Святочнае мерапрыемства адбылося 14 красавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Ярка распачаўся фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”, які прызваны паказаць багатую гістарычную палітру раёнаў Магілёўскай вобласці, іх поспехі, дасягненні, гістарычную спадчыну. Ганаровае права адкрыць фестывальныя мерапрыемствы атрымаў Бабруйскі раён.
Падчас мерапрыемства адбыўся канцэрт з удзелам лепшых творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў, выстава майстроў народнай творчасці, выстава страў нацыянальнай кухні.
Яскравае дзейства прыцягвала гледачоў і слухачоў амаль з парога. На пляцоўцы перад Магілёўскім абласным метадычным цэнтры творчыя калектывы Бабруйскага раёна сустракалі гасцей выступленнямі народнага хора работнікаў культуры, народнага ансамбля народнай песні “Пярэзвы” раённага Цэнтра культуры; народнага ансамбля народнай песні “Землякі” Гарбацэвічскага сельскага Дома культуры.
У фае Цэнтра ў гэты час панавала атмасфера сапраўднага беларускага свята: гучала жывая народная музыка ў выкананні народнага ансамбля народных інструментаў раённага Цэнтра культуры, развярнулася выстава-прэзентацыя майстроў народнай творчасці.
На выставе сваю творчасць прадставілі майстры узорнага калектыва ганчарнага мастацтва “Глечыкі”, народнага аматарскага аб’яднання дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Стары майстар” Цэнтра рамёстваў п.Глуша, Пятровічскага Дома народнай творчасці, Гарохаўскага Дома народнай творчасці, Ленінскага сельскага клуба, Рэдкарожскага сельскага Дома культуры.
Майстры прадставілі работы ў розных тэхніках: кераміка, лазапляценне, вышыўка, інкрустацыя саломкай, алмазная мазаіка, ткацтва, пляценне паясоў і інш.
Ветлівыя майстры былі рады растлумачыць і паказаць усім жадаючым, як трэба працаваць з матэрыялам, каб зрабіць такую прыгажосць. Таму, пакуль работала выстава, майстры праводзілі разнастайныя майстар-класы: майстар-клас на ганчарнам крузе правёў Боўда Ю.І., майстар-клас па пляценню праводзіла Фамцова Л.Б., майстар-класс па традыцыйнай беларускай свістульке правёў Арлоў А.В., майстар-клас па ткацтву паясоў – Гайшун В.М., майстар-клас па лазапляценню – Прыгара А.М., майстар клас па ткацтву габелена – Арех Н.М. Рэдкарожскі сельскі Дом культуры прэзентаваў выставу лялек узорнага лялечнага тэатра “Паўлінка”. Даведацца пра традыцыі кухні Бабруйшчыны можна было на выставе-дэгустацыі.
Але галоўны падарунак усім аматарам народнай творчасці быў падрыхтаваны ў актавай зале, дзе на працягу некалькіх гадзін ішла цікавая і вельмі насычаная канцэртная праграма.
Пачалася канцэртная праграма з вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “Спадчына” ў выкананні ўзорнага ансамбля танца “Забава”, народнага хора работнікаў культуры, народнага ансамбля народнай песні “Пярэзвы” раённага Цэнтра культуры.
Шчырыя, энергічныя і такія таленавітыя – вось як можна апісаць творчыя калектывы і выканаўцаў таго святочнага мерапрыемства, якое адбывалася на сцэне. Адзін калектыў змяняў другі, новая песня кранала сэрца яшчэ больш, чым папярэдняя. Тэматыка канцэртнай праграммы была рознай: пелі пра сям’ю, пра Радзіму, пра маладосць, песні прысвячаліся і Году гістарычнай памяці і Вялікай Айчыннай вайне. Цяжка вылучыць які-небудзь адзін ансамбль ці выканаўца, бо гэта быў адзіны механізм, добра зладжаны і арганічны. Творчая прэзентацыя Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Бабруйскага раёна атрымалася сапраўды відовішчнай і цікавай і дазволіла дакрануцца да сапраўднай народнай творчасці Бабруйшчыны.
Фестываль працягнецца да лістапада 2023 года. У мае са сваёй творчай прэзентацыяй выступіць Круглянскі раён. Будзем спадзявацца, што кожны раён вобласці ў Год гістарычнай памяці прадэманструе ўсе свае лепшыя творчыя здабыткі і адкрые новыя таленты!
Крысціна Башарыава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”