Я МАЛЕНЬКАЙ РАДЗІМЕ МАЛЮСЯ
“Я маленькай радзіме малюся”, – пад такой назвай прайшло свята вёскі Кажамякіна Краснапольскага раёна.
Я маленькай радзіме малюся,
Прызнаюся у шчырай любві,
Прад табой у паклоне хілюся,
Родны край, дзе пяюць салаўі.
Гэтыя словы прагучалі эпіграфам свята і знайшлі сваё пацвярджэнне ў ходзе мерапрыемства.
Свята атрымалася цёплым і сардэчным і было напоўнена ўвагай да мінулага вёскі і яе сучаснага жыцця, да яе гісторыі і культуры, да пакаленняў тых людзей, якія ва ўсе часы праслаўлялі і праслаўляюць свой родны куточак нястомнай працай і творчасцю.
ПРЫНОСЯЦЬ СЛАВУ РОДНАЙ СТАРАНЕ.
Словы падзякі і падарункі на свяце атрымалі Л. С. Селянкова, якая шмат гадоў аддала працы ў жывёлагадоўлі, Н. У. Сазонава, якая працуе настаўніцай у школе г. п. Краснаполле, Н. М. Басянкова, былы дырэктар ДУК “ЦБС Краснапольскага раёна”, Віталь Баброў, сапраўдны гаспадар – працавіты і адказны, гаспадарка якога, як кажуць у народзе, моцна стаіць на нагах і служыць прыкладам для іншых.
Я ХІЛЮСЯ Ў ПАКЛОНЕ ПЕРАД РОДНАЙ ЗЯМЛЁЙ.
Жыхары вёскі Кажамякіна ніколі не заставаліся ў баку ад тых падзей, якія адбываліся ў жыцці краіны і народа. Пра гэта сведчыць і помнік у цэнтры вёскі дзеля ўшанавання 107 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. А на брацкай магіле на дзявятым кіламетры аўтадарогі Краснаполле – Чэрыкаў пахаваны воіны, якія палі ў барацьбе за вызваленне гэтых мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Традыцыі гераічнага пакалення дзядоў і бацькоў – выконваць доўг перад Радзімай – уласцівы і іх нашчадкам. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца выкананне воінскага абавязку нашымі землякамі у Афганістане. Сярод іх былі і ўраджэнцы вёскі Кажамякіна В. Сурус і А. Лосеў.
Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў удзельнікі і госці свята вёскі.
БУДЗЬЦЕ, ГОСЦЕЙКІ У НАС, ЯК ДОМА.
А гасцей на свяце было шмат. Вяскоўцы па традыцыі віталі іх хлебам-соллю. Сярод гасцей – старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў А. Я. Маторын, начальнікі аддзелаў і сектараў Краснапольскага райвыканкама, прадстаўнікі і спецыялісты розных структур і грамадскіх арганізацый раёна, артысты Краснапольскага РЦК.
Я МАЛЕНЬКАЙ РАДЗІМЫ КРЫВІНКА.
Па традыцыі святаў вёсак на Краснапольшчыне госці не абыйшлі ўвагай і ўручылі падарункі і розным катэгорыям жыхароў вёскі Кажамякіна: старэйшаму з вяскоўцаў – К. І. Сазонавай, якой споўнілася 86 гадоў; шматдзетнай сямьі Вікторыі і Дзмітрыя Макась, якія выхоўваюць 3 дзяцей; Н. У. Волкавай, маці самай маленькай жыхаркі вёскі, якой усяго 3 месяцы ад нараджэння.
ВІНШУЕМ МЫ ВЁСКУ СА СВЯТАМ!
Свята аздаблялі тэматычныя музычныя кампазіцыі ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц” пад кіраўніцтвам А. Трафімавай і салістаў Краснапольскага РЦК – Г. Снытка, К. Чалпанава, Ю. Падалякіна, А. Трафімавай. Усе нумары праграмы і сама праграма свята прыйшліся па душы вяскоўцам, якія апладысментамі і шчырымі словамі дзякавалі артыстам і спявалі разам з імі.
Сцэнарый свята быў распрацаваны кіраўніком народнага аматарскага літаратурнага калектыва “Світанак” В. Марчанка. Яна таксама прыняла ўдзел у праграме свята і падарыла вяскоўцам свае пранікнёныя паэтычныя радкі. Гучалі яны і з вуснаў вядучых свята – членаў калектыву “Світанак” Паўла Выганнага і Алёны Качанавай.
Віншуем мы вёску са святам!
І шчасця вяскоўцам, іх хатам
Ад шчырага сэрца жадаем!
Вялікага шчасця – без краю!
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”