Традыцыйныя дрыбінскія лапці
Зрачыя
Пахлапні
Каверзні
Да нагі лапці прымацоўваліся пры дапамозе пяньковых, лыкавых, льняных або раменных абор (“аборак”).
Аборы працягваліся (“заварсаваліся”, “забарсаваліся”) праз вушкі лапця. Затым іх перакрыжоўвалі на пяце і працягвалі праз сярэднія вушкі з бакоў лапця, што ўтварала па баках пяты петлі. Абкручаная анучай ступня нагі зацягвалася гэтымі петлямі накрыж ў пад’ёме. Пасля гэтага шчыльна абкручвалася анучай голень нагі і замацоўвалася аборамі. Даўжыня абор часам дасягала 3,5м.
Для большай трываласці і цяпла падэшву лапця падпляталі лыкам або пяньковымі вяроўкамі, выкладалі вусцелькі з саломы ці сена, падкладалі сена ўнутр пад анучы.
Анучы – неабходная прыналежнасць лапцяў, звычайна прамавугольны кусок тканіны дліной каля паўметра і шырыней каля 40см.
У залежнасці ад пары года анучы былі парцяныя – “парцянкі”, ці суконныя – “суконкі”. Парцяныя анучы насілі ў цеплую пару года. На зімовыя анучы – "суконкі" ішлі часцей за ўсё кавалкі са старага андарака ці кашулі. Часта паверх суконак заварочвалі белыя палатняныя анучы. У вялікія маразы ступню нагі, закручаную ў суконку, абкладвалі сенам або мяккай саломай, a затым абкручвалі анучай. У святочным абутку анучы адрозніваліся асаблівай белізной і акуратнасцю.
Ёмка і прыгожа навіваць анучы вучылі з дзяцінства, і дзеці ўжо гадам к дзесяці добра засвойвалі гэта ўмельства.
Быў на Дрыбіншчыне і асаблівы, для святочнага абутку, спосаб завязваць абору – “у казельчык”. Некалькі разоў ззаду канцы абор перакручваліся, адзін з канцоў абвіваў нагу, вяртаючыся назад, “спіраль” нарошчвалася ў некалькі прыёмаў ад пяткі ўверх.
Забарсавалі (зашнуровывали) аборы “у казельчык” і дзеці, і дарослыя.
Нягледячы на характэрныя рысы дрыбінскага лапця, асаблівасці апрацоўкі сыравіны, тэхнікі пляцення, асабістыя сакрэты кожнага майстра абумовілі вялікую разнастайнасць гэтага абутку.
Усё менш застаецца сёння майстроў пляцення лапцей. На Дрыбіншчыне ў весцы Абраімоўка захоўвае гэта старажытнае рамяство Кананкова Ніна Андрэеўна. У весцы Кароўчына плятуць лапці Збродава Ефрасіння Антонаўна, Кірылава Надзея Пракопаўна. Менавіта Надзея Пракопаўна і перадала свой вопыт спецыялістам Дома рамёстваў.
Дзейнасць Дома рамёстваў у 2010 годзе прайшла пад знакам работы над праектам “Лапці – абутак нашых продкаў”, які быў прадстаўлены на навукова-практычнай канферэнцыі “Рамёствы Магілеўшчыны. Традыцыі і сучаснасць”.
Дырэктар Дома раместваў Заклікоўская Ларыса Сямёнаўна, засвоіўшы ў дакладнасці майстэрства пляцення лапцей, была прынята ў Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці. Яна арганізавала дзіцячы гурток ”Лапаточак”, у якім дзеці паспяхова набываюць ўменні і навыкі старажытнага рамяства нашых продкаў.