15 красавіка адбыўся першы этап абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”
Ініцыятарам і арганізатарам фестывалю з’яўляецца ўстанова культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Фестываль праводзіцца ў мэтах выхавання падрастаючага пакалення сродкамі народнай спадчыны, арганізацыі традыцыйных форм вольнага часу, выяўлення, аднаўлення, падтрымкі, пераймання і распаўсюджвання народнай культуры ў традыцыйных лакальных праяўленнях такіх як: спеўнае мастацтва, народная харэаграфія, народны гумар.
Фестываль ладзіцца з красавіка па верасень у тры этапы: першы этап – адборачны, другі этап – тэматычныя мерапрыемствы: свята-канцэрт “Галасы Падняпроўя”, свята-канцэрт “Гумар Падняпроўя” і этна-дыскатэка “Танчым па-беларуску”, трэці этап – заключныя мерапрыемствы фестывалю, якія пройдуць у верасні.
Першае свята-канцэрт “Галасы Падняпроўя”, было прысвечана спеўнаму мастацтву і праводзілася на абласном узроўне. У Магілёўскім абласным метадыным цэнтры сабраліся дзіцячыя і дарослыя аўтэнтычныя і фальклорныя калектывы, асобныя выканаўцы (салісты) устаноў культуры вобласці, носьбіты песеннага фальклору Хоцімскага, Быхаўскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага, Клімавіцкага, Магілёўскага, Асіповіцкага раёнаў, г.Магілёва. І ўсе яны сабраліся на сцэне з адной мэтай – падзяліцца з глядачамі той песнннай спадчынай, якую яны адрадзілі і захавалі.
“Нам прыемна, што сёння да нас прыехалі калектывы менавіта сельскіх устаноў культуры, гэта і ёсць наша самабытнасць і наша адметнасць. Песні, якія пачуе сёння магілёўскі глядач, гэта тыя песні, што спявалі нашы бабулі і прабабулі, якія сёння адраджаюць і захоўваюць калектывы клубных устаноў”, – расказвае дырэктар Цэнтра Хмялькоў Алег Фёдаравіч.
Канцэрт быў падзелян на чатыры блокі, якія ўвасаблялі чатыры пары года: вясна, лета, восень, зіма. Жыхары і госці Магілёва смаглі пазнаёміцца з фальклорным мастацтвам Магілёўскай вобласці, паспяваць разам з фальклорнымі калектывамі адноўленыя і бытуючыя аўтэнтычныя песні, а таксама ўбачыць фрагменты абрадаў, якія традыцыйна праводзяцца ў раёнах.
Быхаўскі раён прадставіў абрадавае дзейства “Валачобнікі “Зялёнае жыта” (сустрэча гасцей з ручнікамі, гульня са скалкай), абласны цэнтр творчасці г.Магілёва – фрагмент з абраду “Гуканне вясны”, Чэрыкаўскі раён – “Святой доўгай Тройцы” і іншыя.
Дарэчы, упершыню абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя” быў праведзены ў 2017 годзе. У рамках якога прайшлі тэатралізаваныя паказы па святах і абрадах зімовага, веснавога, летняга і восеньскага цыклаў народнага календара: “Зімовыя святы Магілёўшчыны”, “Веснавы карагод Магілёўшчыны”, “Святочнае лецейка наша”, “Шчадроты восеньскіх святаў”.
2021 год гэта яшчэ адно падвядзенне вынікаў вялікай працы, якая на працягу ўсіх гэтых гадоў вялася клубнымі ўстановамі вобласці. Вынікам якой і стаў фестываль фальклорнага мастацтва.
Наступнае свята-канцэрт “Гумар Падняпроўя”, у рамках абласнога фестываля фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”, адбудзецца 30 красавіка ва ўстанове культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”. Гэты этап фестывалю прысвечаны жанру народны гумар.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”