26 чэрвеня ў вёсцы Студзёнка Быхаўскага раёна прайшоў мітынг-рэквіем памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны “Ніколі не забудзем”

Мітынг быў прысвечаны памяці ўсіх спасеных ворагам вёсак Беларусі. Яшчэ да вайны Студзенка была прыгожай беларускай вёсачкай, якая была захінута ад вятроў беластвольнымі бярозкамі і карабельнымі соснамі, утульная і кампактная, з калодзежамі каля хат, з густымі кустамі бэзу ў палісадніку. Яе мужчыны аралі палеткі і касілі лугавыя травы, жанчыны гадавалі дзяцей і рабілі штодзённую жаночую справу. Пад яе дахамі гулялі вяселлі і плакалі над нябожчыкамі.
26 чэрвеня 1942 года Студзёнкі не стала. Не стала сонца ў зыркіх шыбах акон, рыпучых веснічак, расчыненых на вуліцы, белых ручнікоў на покуце, шырокіх бяседных сталоў і лавак, дрывотняў, вулляў. Не стала чатырохсот шасцідзесяці двух жыхароў Студзёнкі. Карны атрад эсэсаўцаў ўсё гэта бязлітасна спаліў, слепа верачы, што ў агні згарэлі не толькі гаспадары і летапісцы вёскі, а і яе будучыня.
Штогод у вёсцы ў гэты дзень, каля помніка, збіраюцца мясцовыя жыхары, госці, каб ўсім мірам успомніць тыя жудасныя дні гібелі вёскі Студзёнка і яе жыхароў.
На мітынгу выступілі намеснік старшыні Быхаўскага райвыканкама Віктар Агнетаў і кіраўнік справамі Чорнаборскага сельскага Савета Ірына Шынкевіч.

Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”