Абрад Варвараўская «Свяча» адбыўся 17 снежня ў г.п.Краснаполле
Не сакрэт, што многія абрады на мяжы выжывання. І не толькі з-за пазіцыі сучаснага грамадства, якое верыць у тэхнічны прагрэс, але яшчэ і таму, што ўміраюць носьбіты гэтых абрадаў, так і не перадаўшы нікому свае сакральныя веды.

Як раз пра гэта і шла гаворка паміж захавальнікамі і носьбітамі Варвараўскай «Свячы» у г.п.Краснаполле. Абрад адбыўся ў доме яго захавальніцы Шнаравай Любові Іванаўны 17 снежня. У гэты дзень, як вядома, Праваслаўная царква адзначае дзень вялікай пакутніцы Варвары.
Яшчэ вядома, што ў народзе ў масавым парадку ў 19-20 стагоддзях распаўсюджваўся абрад «Свяча» – абрад пэўнай супольнасці людзей па «чэстванні» свячы і іконы, якія складалі адзіны комплекс. Такія абрады былі духоўнымі цэнтрамі, свайго роду займеннікамі царквы, якая была не ў кожнай вёсцы, ці закрывалася, асабліва ў 20-30 гады апошняга стагоддзя. Як адгукваюцца самі людзі аб неабходнасці свечных абрадаў, ім «трэба ж было недзе прытуліць галаву».
Псіхалогія такіх абрадаў сапраўды ўражвае. Іх удзельнікаў аб’ядноўвае ўключанасць у сакральны свет і змест абраду, узгодненасць дзеянняў і засяроджанасць на ўнутраным свеце чалавека.
Апошнім часам мне пашчасціла адкрыць і вывучыць некалькі «свечных» абрадаў на Краснапольшчыне. Гэта «Свечы» да вясновага і зімовага Міколы ў вёсках Халмы і Казелле, захавальнікамі якіх з’яўляюцца І.М. Казлова, В.І. Акіншава. Блізкія да іх абрады – «Аброчныя абеды», што на працягу дзесяцігоддзяў ладзяць жыхары вёскі Буглаі намаганнямі іх захавальнікаў В.І. Калініч і Н.Р. Саранковай.
І вось Варвараўская «Свяча» у г. п. Краснаполле. Вялікая пакутніца Варвара – жаночая заступніца. Да яе звяртаюцца жанчыны, якія просяць цяжарнасці і нараджэння дзіцяці, якія просяць падараваць здароўя дзецям, а вернікі і ўдзельнікі абраду ўслаўляюць Варвару, дасылаюць да яе свае малітвы, псалмы і песні духоўнага зместу.
А, як вядома, кожнаму даецца па веры яго. Гэту ісціну пацвердзілі мне і жанчыны, якія сабраліся на абрад 17 снежня ў доме Любові Іванаўны Шнаравай. А яшчэ з іх разважанняў я пачула, што не трэба цалкам ўпаваць на Бога, – чалавек перш-наперш павінен сам старацца і «весці сябе па жыцці», і тады Гасподзь яму дапаможа.
«Мы жывём з Божжай помаччу, по – мач – чу! Не здарма ж так кажуць. І нечага ўсяго гатовага і цалкам чакаць ад Бога. У першую чаргу – старайся сам», - выказала сваю думку В.І. Калініч, якой нямала выпала ў жыцці, але жанчына захоўвае аптымізм, упэўненасць у справядлівасці жыцця, веру і надзею.
Сама ж Любоў Іванаўна Шнарава, захавальніца «Свячы» на Варвару, адгукнулася пра абрад так: «Мяне пужае нават думка пра тое, што я яго кіну, не правяду, не збяру людзей, не запалю гэту свечку, якую калісь запаліла мая маці, адшукаўшы ў дарожным пылу абразок Варвары». Жанчына прызналася, што яе клапоціць, турбуе думка, што тады згубіцца нешта важнае ў яе сям’і, доме, жыцці, і што могуць здарыцца непрыемнасці і нечаканасці.
«А ў мяне ж дзеці, за якіх заўсёды баліць душа, ў якім бы ўзросце яны не былі і па якіх бы шляхах не шлі ці не ехалі», - прызнаецца Любоў Іванаўна. Сямейнікі падтрымліваюць жанчыну і дапамагаюць ёй у захаванні абраду, як і яе сяброўкі. Наведваюць святочную дзею і жанчыны з вёскі Буглаі, дзе карані Любові Іванаўны.
Ладзіць Варвараўскую «Свячу» пачала яшчэ маці Любові - Падзянкова Вера Сазонаўна. Нагадаю, з якой аказіі ўсё пачалося.

…Аднойчы разам з іншымі жанчынамі вёскі Буглаі яна ўбірала на лузе калгаснае сена. Стомленыя жанчыны паклалі граблі і прыселі адпачыць збоч дарогі. Над лугам палілася песня. Вера сядзела ў задуменні на абочыне і ў такт песні гладзіла рукой цёплы пясок дарогі. Раптам яна адчула пад далонню нешта цвёрдае. Жанчына дастала знойдзены прадмет – ім аказалася маленечкая іконка святой пакутніцы Варвары. Вера абдула абразок ад пылу і завязала вузельчыкам у кончык хусткі.
…У паўсядзённых клопатах аб хаце, аб калгаснай працы ішоў час. Аднойчы жанчына прачнулася ад незвычайнага покліку ў сне: Ты што, дзеўка, ляжыш?! Час гасцей збіраць». Вера ўсхапілася ад нечаканасці і кінулася да мужа: «Ой! ты толькі паслухай, што мне прыснілася! Я такой высокай, чарнявай дзяўчыны ніколі і не бачыла, а яна мне загадала гасцей збіраць!»
Вера абярнулася, яе позірк упаў на хатнюю ікону ў чырвоным куту, і яна войкнула: «Гэта Варвара! Святая Варвара! Я ведаю…»
На календары было 17 снежня.
«Тады ідзі, збірай баб, запальвай свечку», - падтрымаў муж.
У той вечар запрошаныя Верай жанчыны вёскі Буглаі ссукалі свячу і справілі малебен у гонар святой пакутніцы Варвары.
…На гэты раз, 17 снежня 2018 года, мне давялося ўбачыць і патрымаць у руках гэты незвычайны абразок, знойдзены Верай Сазонаўнай. Ён маленькі, з металу, які пацямнеў, акруглы, памерам, можа, з сучасны рубель, ці крыху менш. На двух яго баках – выявы святых: на адным, наколькі давялося разгледзіць, абразы Пятра і Паўла (на маё бачанне, але я магу памыляцца), на другім – Варвары (пра гэта сцвярджае і захавальніца абразка, бо ёй так растлумачыў і нейкі святар).
Любоў Іванаўна беражліва захоўвае гэты абразок, лічыць яго сямейнай рэліквіяй і абярэгам. Акрамя гэтай маленечкай выявы святой, у жанчыны ёсць ікона Варвары ў драўляным акладзе, якая таксама ўваходзіць у адзін комплекс са свячой.
У рытуалы Варвараўскай «Свячы», на якую збірае Л.І. Шнарава, уваходзяць маленне, чытанне малітвы аб здравіі, песнапенні духоўнага зместу, рытуальная трапеза, якая складаецца з посных страў.
Яшчэ раз давялося ўпэўніцца, што ў аснове абрадавага дзейства ляжаць узаемадапамога, падтрымка, узаемапавага, ушанаванне жывых і памерлых, каму мы абавязаны жыццём. Таму застаецца ад такіх абрадаў святло ў думках і душы, удзячнасць да захавальнікаў і носьбітаў гэтых абрадаў.
І яшчэ. Чаму я карыстаюся любымі магчымасцямі данесці інфармацыю пра абрады, пра традыцыйную культуру продкаў да шырокай аўдыторыі – праз СМІ, выданне брашур, прэзентацыі на семінарах?
Таму, што да народнай традыцыйнай культуры трэба адносіцца беражліва і асцярожна, удумліва яе вывучаць і засвойваць, перадаваць.
Таму, што ў аснове кампаненты культуры ляжыць адукаванасць, інфармаванасць і выхаванасць. Трэба стукацца ў душы людзей, у тым ліку, і нашых дзяцей.

В.А. Марчанка, метадыст РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага района»